Пошук

21.10.2024 14:14   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

19 кастрычніка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася святая Імша падзякі Богу з нагоды 35-годдзя біскупскага служэння арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча.

Першаму ў сучаснай гісторыі Касцёла ў Беларусі каталіцкаму іерарху біскупскае пасвячэнне ўдзяліў 20 кастрычніка 1989 года ў ватыканскай базыліцы святога Пятра тагачасны Папа святы Ян Павел ІІ.

Напярэдадні 35-й гадавіны гэтай гістарычнай падзеі арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў урачыстую цэлебрацыю у галоўнай каталіцкай святыні сталіцы, якая доўгі час была яго катэдрай.

У Імшы ўзялі ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, наступнік заслужанага іерарха на Мінска-Магілёўскай катэдры, а таксама біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, больш за 25 святароў, шматлікія вернікі.

Вітаючы сабраных у мінскай архікатэдры і тых, хто далучыўся з дапамогай анлайн-трансляцыі, арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў іх да малітвы за свайго папярэдніка, а яго самога запрасіў узначаліць цэлебрацыю.

Звяртаючыся да прысутных, арцыбіскуп Кандрусевіч узгадаў, як 35 гадоў таму ў гаміліі падчас яго біскупскага пасвячэння Ян Павел ІІ сказаў, што «Касцёл з надзеяй глядзіць на беларускую зямлю, куды пасля больш чым шасцідзесяці гадоў вяртаецца біскуп, каб служыць людзям гэтай краіны».

«Гэты быў вялікі дзень як у маім жыцці, так і ў жыцці Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне: па Божай волі я стаў першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам у Беларусі», — заўважыў заслужаны іерарх. Ён дадаў, што яму нялёгка было распачынаць служэнне без досведу іншых, у каго можна было б параіцца, і «самому, падобна бульдозеру, трэба было прабіваць дарогу, каб па ёй потым маглі ехаць і ператвараць яе ў аўтастраду іншыя».

Арцыбіскуп Кандрусевіч коратка нагадаў пра асноўныя падзеі і дасягненні за час свайго пастырскага служэння ў Беларусі, потым у Расіі і зноў на радзіме, адзначыўшы, што і з выхадам на пенсію пасля дасягнення ім 75-гадовага ўзросту ён мае магчымасць працягваць святарскую і біскупскую дзейнасць.

«Дэвізам свайго біскупскага служэння я выбраў словы: Quis ut Deus — „Хто ж як Бог“. Сёння, дзякуючы за 35 гадоў біскупскага служэння, прашу ўсемагутнага і міласэрнага Бога, Найсвяцейшую Панну Марыі і свайго нябеснага апекуна святога Юду Тадэвуша аб дапамозе, каб і надалей у сваім служэнні застаўся верны гэтаму закліку. Таксама прашу вас, дарагія браты і сёстры, памаліцца ў маіх інтэнцыях, бо малітвы ніколі не зашмат», — сказаў іерарх.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Станеўскі, які, узгадаўшы пра пакліканне першых апосталаў, наступнікамі якіх з’яўляюцца біскупы, засяродзіўся на пакліканні Тадэвуша Кандрусевіча, першага біскупа ў сучаснай гісторыі Касцёла на Беларусі. Паводле яго наступніка, яно мела пачатак у бацькоўскім доме ў Адэльску, а потым развівалася і паглыблялася ў розных месцах, праз розныя жыццёвыя падзеі, у якіх адбываўся дыялог пакліканага з Богам. Пры гэтым галоўным месцам паклікання арцыбіскуп Станеўскі назваў сэрца чалавека.

«Сёння, напэўна, немагчыма пералічыць усе душпастырскія ініцыятывы, на чале якіх вас, Ваша Эксцэленцыя, паставіў Божы Провід», — заўважыў арцыпастыр, дадаўшы, што пасля паспяховага пачатку пастырскага служэння і адраджэння Касцёла ў Беларусі яго папярэднік мужна прыняў новую місію, калі Папа Ян Павел ІІ скіраваў яго ў Расію.

«Богу падзяка за ўсё, а вам — належная пашана як вялікаму капітану Божага карабля Касцёла на Усходзе, „духоўнаму ледаколу“, апосталу Расіі. Сёння вернікі Касцёла ў Расіі — і тут прысутныя сярод нас з Расіі вернікі — дзякуюць вам за ваша пастырскаае і чалавечае служэнне. Мы ж ганарымся і здзіўляемся справам Божым, праз вашу паслугу здзейсненым», — прызнаўся арцыбіскуп Станеўскі. Паводле яго, тройчы прымаючы новыя прызначэнні ў паслухмянасці голасу Хрысту, арцыбіскуп Кандрусевіч не на словах, а справамі даў доказ любові да Пана, падобна апосталу Пятру, якога ўваскрослы Езус тройчы пытаўся: «Ці любіш ты Мяне?» Арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што такія ўрачыстасці патрэбныя, «каб яшчэ раз адчуць дзеянне Бога, зноў адкрыць на Яго нашыя сэрцы, адрадзіць веру і давер».

Нагадаўшы, што заслугі арцыбіскупа Кандрусевіча былі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, яго наступнік дадаў, што набольшай узнагародай у чалавечым вымярэнні з’яўляецца «пашана, сімпатыя і любоў вернікаў, якая выражаецца праз малітву, духоўную падтрымку, добрыя словы і апладысменты».

«Браты і сёстры, за словамі „35-годдзе біскупскага служэння“ стаіць насычаная, надзвычай паслядоўная праца, поўная адданасці Божай справе арцыбіскупа Тадэвуша; стаіць пастаяннае намаганне служыць іншым», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі, выказаўшы надзею на тое, што Бог «прыме, благаславіць, памножыць і асвяціць прыгожыя спелыя плады» гэтага служэння, якія сімвалічна складаюцца на алтары разам з эўхарыстычнымі дарамі.

«Ваша Эксцэленцыя, арцыбіскуп Тадэвуш, дзякуем вам за прыклад крочання за Панам не толькі праз дасягненні і трыумфы, але таксама і праз цярпенні, хваробу, можа, нават і самотнасць цяпер. Аднак не нашае, а Божае Валадарства мы абвяшчаем і набліжаем. Таму сёння, у 35-ю гадавіну біскупскага служэння вас, надзеленага жыццёвым вопытам і практыкай крочання за Панам, няхай не здзіўляе, калі Хрыстус зноў <…> запытаецца: „Тадэвуш, ці любіш Мяне больш, чым яны?“ Не будзем падказваць, але ведаем, што вы скажаце: „Так, Пане, я люблю Цябе ўсім сваім сэрцам“», — сцвердзіў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Напрыканцы цэлебрацыі з 35-годдзем біскупскага служэння заслужанага іерарха ад імя Апостальскай нунцыятурыякі павіншаваў ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока. «Дзякуй за вашу руплівасць, сведчанне і доўгія гады служэння Божаму народу, якім вы натхнялі і працягваеце натхняць многія пакаленні, абвяшчаючы словы Евангелля і ахвярна служачы вернікам», — адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду ў нашай краіне.

Пасля яго прамовіў біскуп Буткевіч, які ў сваім слове падкрэсліў, што Бог яшчэ да нараджэння арцыбіскупа Кандрусевіча прадвызначыў яму стаць на чале Касцёла на беларускай зямлі.

«Ён даў вам сапраўды вялікія таленты. Вы былі не толькі „бульдозерам“, якому прыйшлося разграбаць тое, што на гэтай зямлі натварыў атэізм: разам з тым — і гэта ваша прафесійная дзейнасць — вы былі інжынерам, а да таго ж — і вельмі таленавітым хірургам, ювелірам, які аднаўляў, лячыў і перадусім будаваў гэты Касцёл не толькі ў яго структурах — вашая заслуга, — але ў людскіх душах перадусім», — сцвердзіў пастыр Віцебскай дыяцэзіі.

Са словамі віншавання да арцыбіскупа Кандрусевіча звярнуліся таксама архімандрыт Гаек, прадстаўнікі супольнасцяў кансэкраванага жыцця, касцёльных рухаў і проста вернікі, якія пажадалі выказаць сваю ўдзячнасць заслужанаму іерарху.

Пасля ўсіх прамовіў і ён сам. Падзякаваўшы прысутным за супольную малітву, іерарх, між іншым, заўважыў, што, хоць біскуп і мае падтрымку Святога Духа, ён, «тым не менш, застаецца чалавекам і можа памыляцца.

Прашу прабачэнна ў тых, каго мог пакрыўдзіць з-за сваёй чалавечай недасканаласці, хоць ніколі не меў такога намеру. Сваё біскупскае служэнне прысвячаў і далей прысвячаю Богу і Касцёлу», — засведчыў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Абноўлена 21.10.2024 14:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа