З нагоды 35-й гадавіны біскупскага служэння арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе Зварот да духавенства і вернікаў Касцёла ў Беларусі.
Шаноўныя Эксцэленцыі і паважаныя святары, вялебныя сёстры законныя і семінарысты, дарагія браты і сёстры,
16 кастрычніка 1978 года з балкона базылікі святога Пятра ў Ватыкане прагучалі лацінскія словы Habemus Papam — «мы маем Папу». Тады гэтыя словы ўзварухнулі ўвесь свет. Кардыналы на канклаве абралі новага Папу, якім стаў кардынал Караль Вайтыла, тагачасны Кракаўскі Мітрапаліт. Памятаю, будучы юнаком, я чуў словы сваёй бабулі: «Цяпер свет чакаюць вялікія змены». Сапраўды, Ян Павел ІІ, сёння святы, здзейсніў у свеце вялікія перамены на лепшае праз абвяшчэнне Евангелля — Добрай Навіны — праз адчыненыя насцеж дзверы палітычных сістэм і межы дзяржаў.
25 ліпеня 1989 года ў санктуарыі ў Гудагаі на Астравеччыне прагучала штосьці падобнае, бо там было абвешчана, што ўпершыню пасля Другой сусветный вайны мы, вернікі Каталіцкага Касцёла на Беларусі, нарэшце маем біскупа.
Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў гродзенскага ксяндза Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі і тытулярным біскупам Гіпона-Дзарыцкім.
Гэтае прызначэнне таксама прынесла змены на лепшае ў Каталіцкі Касцёл на Беларусі. Тадэвуш Кандрусевіч прыняў біскупскае пасвячэнне 20 кастрычніка 1989 года ў базыліцы святога Пятра ў Рыме з рук з Папы Яны Паўла ІІ.
З таго гістарычнага моманту сёлета мінае 35 гадоў. За гэты час біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які выбраў дэвізам свайго плённага пастырскага служэння заклік Апекуна Касцёла ў Беларусі святога Арханёла Міхала Quis ut Deus — «Хто ж як Бог», — заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля сотні раней зачыненых касцёлаў, а таксама прычыніўся да выдання Парадку Імшы і Катэхізісу на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі.
Але ўжо 13 красавіка 1991 года Тадэвуш Кандрусевіч быў менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі. За час яго біскупскага служэння ў суседняй краіне была афіцыйна зарэгістравана Апостальская адміністратура для католікаў лацінскага абраду, адбылася таксама рэгістрацыя вялікай колькасці адноўленых парафій і іншых касцёльных структур.
Пасля падзелу згаданай Адміністратуры, 23 лістапада 1999 года наш суайчыннік быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Поўначы еўрапейскай часткі Расіі.
Святы Айцец сказаў яму: «Тадэвуш, не бойся — я з табой».
Калі ж 11 лютага 2002 года Папа Ян Павел ІІ пераўтварыў Апостальскія адміністратуры для католікаў лацінскага абраду ў Расіі у дыяцэзіі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны Мітрапалітам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве. Дзякуючы яго намаганням у Расіі распачало працу дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas, былі створаны інфармацыйна-выдавецкі цэнтр «Истина и жизнь», салезіянскі і францішканскі выдавецкія цэнтры, а таксама «Духоўная бібліятэка», выдадзена больш за 600 найменняў тэалагічнай, рэлігійнай, філасофскай і літургічнай літаратуры. Пры ўдзеле арцыбіскупа Кандрусевіча заснаваны штотыднёвая каталіцкая газета «Свет Евангелия», Літургічная камісія, якая рыхтуе пераклады літургічных тэкстаў на рускую мову, Катэхетычная камісія і камісія па справах сям’і. У 1991 годзе ў Маскве быў заснаваны Каледж каталіцкай тэалогіі імя святога Тамаша Аквінскага, тры філіялы якога дзейнічаюць у іншых гарадах; у Санкт-Пецярбургу заснавана «Радыё Марыя», а ў 1993 годзе была адкрыта Вышэйшая духоўная семінарыя «Марыя — Каралева Апосталаў», якая дзейнічае ў Санкт-Пецярбургу.
У лютым 1999 года арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў выбраны Старшынёй новастворанай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расійскай Федэрацыі. З 1999 года ён з’яўляецца сапраўдным членам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
21 верасня 2007 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI менаваў Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, перавёўшы яго з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве на радзіму.
30 чэрвеня 2011 года Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім адміністратарам ad nutum Sanctæ Sedis Пінскай дыяцэзіі.
3 чэрвеня 2015 года Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі абрала арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча сваім Старшынёй.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уваходзіць у спецыяльны савет па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сіноду Біскупаў, у Кангрэгацыю па справах духавенства, а таксама ў Папскую раду справядлівасці і спакою. З’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС).
Сёння арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, заслужаны іерарх, надалей актыўна ўдзельнічае ў жыцці Касцёла, абвяшчаючы свету добрую навіну — Евангелле Езуса Хрыста.
Дарагаія браты і сёстры, 19 кастрычніка а 15-й гадзіне — у гадзіну Міласэрнасці для свету, у чым запэўніў Хрыстус святую сястру Фаўстыну Кавальскую, — у архікатэдральным касцёле ў Мінску разам з арцыбіскуам Тадэвушам Кандрусевічам мы будзем дзякаваць Богу за вялікія справы, якія Ён учыніў праз яго 35-гадовую біскупскую паслугу для паўсюднага Касцёла і для Касцёла на Беларусі, а таксама асабіста заслужанаму іерарху.
З гэтай нагоды сардэчна запрашаю на супольную малітву, каб разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам яшчэ раз сказаць Quis ut Deus — «Хто ж як Бог».
З малітвай,
✠ Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
г. Мінск, 16 кастрычніка 2024 г.