У нядзелю 13 кастрычніка ў Віцебску прайшлі заключныя ўрачыстасці ў межах святкавання 25-гадовага юбілею з часу ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі — самай маладой каталіцкай дыяцэзіі ў Беларусі.
Віцебская рыма-каталіцкая дыяцэзія была ўтворана 13 кастрычніка 1999 года Святым Айцом Янам Паўлам II на моцы Апостальскай Канстытуцыі Ad aptius consulendum. Напярэдадні ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага прайшла сустрэча святароў і сясцёр законных, якія нясуць служэнне ў дыяцэзіі, на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам.
У нядзелю, у сам дзень 25-гадовага юбілею, ў віцебскай катэдры адбылося святкаванне з удзелам іерархаў, прадстаўніка Святога Пасаду, мясцовых вернікаў і гасцей.
Як паведамляецца на сайце Catnolicnews.by, прысутнічалі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, кусташ Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў брат Алег Шэнда OFMCap, семінарысты з Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія паходзяць з Віцебскай дыяцэзіі, разам з прэфектам ксяндзом Янам Раманоўскім, святары, сёстры законныя, вернікі віцебскіх парафій і госці з іншых мясцін.
Напачатку гісторык Кацярына Лаўрыненка пазнаёміла ўдзельнікаў святкавання з важнымі момантамі, а таксама малавядомымі старонкамі з 25-гадовай гісторыі дыяцэзіі.
Потым у галоўнай каталіцкай святыні Віцебскай дыяцэзіі адбылася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі.
У прывітальным слове на пачатку Імшы біскуп Буткевіч сказаў:
«Сёння дзякуем Усемагутнаму Богу за час існавання Віцебскай дыяцэзіі, за тыя ласкі і благаслаўленне, якія атрымалі вернікі гэтай зямлі. Таксама прагнем выказаць нашу ўдзячнасць усім тым, чые намаганні, ахвярнасць, добразычлівасць, талент і малітва дапамагалі і дапамагаюць ва ўзрастанні і развіцці Віцебскай дыяцэзіі». Пастыр Касцёла на Віцебшчыне запэўніўніўшы ў малітве за ўсіх тых, хто прычыніўся да стварэння і развіцця дыяцэзіі.
Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч, які падзяліўся ўспамінамі пра стварэнне дыяцэзіі і яе першага біскупа Уладзіслава Бліна.
«Гэта было велічнае свята трыумфу Хрыста і Яго Касцёла. Укрыжаваная і замучаная ганеннямі зямля атрымала іерархічную структуру на чале з біскупам. <…> Біскуп Уладзіслаў узяўся за адраджэнне веры, для чаго засноўваў неабходныя для функцыянавання мясцовага Касцёла структуры. Яго смела можна назваць архітэктарам будовы Віцебскага Касцёла. Працу яго паспяхова працягвае цяперашні ардынарый», — заўважыў заслужаны іерарх.
На заканчэнне святой Імшы са словамі віншавання да прысутных звярнуўся прадстаўнік Святога Пасаду ў нашай краіне. «Гэтая падзея мае сваю значнасць не толькі для Віцебскай дыяцэзіі, але і для ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэта не толькі гістарычны факт, але сведчанне жывога Касцёла, веры людзей, якія на працягу стагоддзяў ахвяравалі час, сэрца, намаганні, цярпенні, малітвы на пабудову Божага Касцёла, для ўмацавання веры на гэтай шматпакутнай, але вернай і мужнай Віцебскай зямлі.
Касцёл на Віцебшчыне мае вельмі глыбокія гістарычныя карані, гераічную сучаснасць і вялікія магчымасці для развіцця і ўзрастання на будучыню. Належыць пераадолець яшчэ шмат складанасцяў, прайсці шлях аднаўлення, але я веру, што кожны з вас здольны і гатовы прыкладаць намаганні, змагацца як для асабістага ўзрастання ў веры, так і для абвяшчэння Евангелля Божаму народу», — адзначыў Монсіньёр Сэрока.
Арцыбіскуп Станеўскі, у сваю чаргу, заўважыў, што мінулыя 25 гадоў для маладой Віцебскай дыяцэзіі былі «падарожжам з Богам».
«Сёння можна з гонарам пералічыць шмат добрага, што адбылося ў дыяцэзіі за гэтую чвэрць стагоддзя, але і пакорліва прызнаць, што ёсць тое, што не атрымалася. Аднак перш за ўсё мы хочам разам са святым апосталам Паўлам усвядоміць, што ўсё, што мы перажылі, нейкім чынам змяніла нас, таму што „ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога“ (пар. Рым 8, 28). Таму мы павінны працягваць шлях перамянення. Перш за ўсё гэта дзеянне Духа Святога, які пастаянна аднаўляе Касцёл», — сцвердзіў Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату.
На заканчэнне свайго віншавання арцыбіскуп Станеўскі пажадаў, каб вернікаў на Віцебшчыне заўсёды падбадзёрвалі словы Папы Яна Паўла ІІ, заснавальніка дыяцэзіі, каб вернасць Хрысту і Касцёлу і сумленнае хрысціянскае жыццё надалей былі святлом і сілай для ўсіх, хто жыве ў мясцовым Касцёле. «Святы Ян Павел ІІ, які паклікаў да жыцця вашу дыяцэзіяльную супольнасць, няхай благаслаўляе вас як тады з базылікі святога Пятра, а сёння з Дома Айца Нябеснага і спадарожнічае вам у рэалізацыі місіі Віцебскага Касцёла ў сучасным свеце», — пажадаў іерарх.
Канцлер дыяцэзіяльнай курыі ксёндз канонік Віктар Місевіч прачытаў словы віншавання, якія з нагоды срэбранага юбілею дыяцэзіі даслаў першы Віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін. Біскуп эмэрыт падзякаваў за памяць і малітву ў яго інтэнцыі. «Гэты юбілей вучыць нас рупліва працаваць над пашырэннем Божага Валадарства і заахвочвае прыкладаць усе намаганні дзеля Бога і Касцёла», — падкрэсліў у сваім пасланні першы пастыр Віцебскай дыяцэзіі, запэўніўшы ў сваёй малітве, сяброўстве і любові.
З нагоды ўрачыстасці Апостальская пэнітэнцыярыя дала біскупу Буткевічу дазвол падчас дыяцэзіяльнага юбілею ўдзяліць усім прысутным вернікам, якія ў духу шчырага пакаяння і з любоўю будуць удзельнічаць у святых абрадах, Папскае благаслаўленне з поўным адпустам пры выкананні звычайных умоваў.
На заканчэнне Эўхарыстыі пастыр Віцебскай дыяцэзіі скарыстаўся гэтай прывілеяй, ўдзяліўшы ўсім прысутным урачыстае Папскае благаслаўленне.
Пры выхадзе са святыні кожны ўдзельнік святочнай Імшы атрымаў салодкі падарунак ад біскупа Алега Буткевіча — шакаладку ў юбілейнай абгортцы.
Святкаванне для вернікаў і духавенства працягнулася на культурным мерапрыемстве ў парафіяльнай кавярні, дзе адбылася прэзентацыя фотаздымкаў з гісторыі віцебскай катэдральнай парафіі і ўспаміны пра мінулае, гучалі музыка і вершы.
Уладзімір Папяленка, першы старшыня парафіяльнай рады катэдральнай парафіі, узгадаў самыя яскравыя моманты з жыцця Касцёла ў Віцебску і першых крокаў дзейнасці дыяцэзіі.
Святкаванне юбілею Віцебскай дыяцэзіі, якое адбывалася ў дзень апошняга аб’яўлення Маці Божай у Фаціме, завяршлася ўвечары ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне святой Імшой і ружанцовым набажэнствам з працэсіяй на вуліцы.