10 кастрычніка, калі Папа Францішак прыняў адмову ад пасады дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца ОР, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе заслужанаму іерарху словы падзякі за плённае пастырскае служэнне.
Ваша Эксцэленцыя, найдастойнейшы біскуп Казімір,
у сённяшнім Паведамленні Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі інфармуецца аб рашэнні Яго Святасці Папы Францішка, які ў сувязі з дасягненнем Вамі пенсійнага ўзросту прыняў адмову Вашай Эксцэленцыі ад пасады дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі.
З гэтай нагоды, ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі хачу падзякаваць Вам за шматгадовую працу, звязаную з пастырскай паслугай.
Яшчэ нядаўна мы разам з вамі ў Іванаве, што на Палессі, у санктуарыі святога Андрэя Баболі дзякавалі Богу за 40 гадоў святарства і 25-гадовы юбілей біскупскага служэння Вашай Эксцэленцыі.
І сёння, як тады, мы дзякуем за дар жыцця Вашай Эксцэленцыі, якое Вы атрымалі, прыйшоўшы на свет 5 мая 1945 года ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна на Брэстчыне. Ваша пакліканне грунтавалася на прыкладзе святога Андрэя Баболі, апостала Палесся, і вашых веруючых бацькоў. Вы ўзрасталі ў час атэістычнага супрацьстаяння, аднак, нягледзячы на гэта, Ваша вера развівалася і дапамагла Вам выстаяць падчас службы ў войску і падчас цяжкай фізічнай працы на будоўлі ў Вільні.
Дзякуем сёння разам з Вамі за дар святарскага і манаскага паклікання.
На працягу трох гадоў Вы падпольна вучыліся ў доктара тэалогіі ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах, што на Ляхавіччыне, а пасля заканчэння Рыжскай духоўнай семінарыі ў 1984 годзе, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, атрымалі сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату з рук кардынала Юліяна Вайвадса. Пад Вашай духоўнай апекай былі парафіі ў Ішкалдзі, Юшкавічах, Гарадзішчы, Сталовічах, Паланечцы, Новым Свержні, Гарадзеі, Карэлічах, Міры, Ганцавічах. Акрамя душпастырскага служэння, Вы займаліся і надалей заімаецеся адбудоваю, рамонтам і будаўніцтвам святынь, па Вашай ініцыятывы сёння будуецца касцёл у Гомелі.
24 чэрвеня 1999 года ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося біскупскае пасвячэнне Вашай Эксцэленцыі, якое здзейсніў Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк. З таго часу, спачатку з кардыналам Свёнткам, потым з біскупам Антоніем Дзям’янкам, пастырамі Пінскай дыяцэзіі, Вы неслі адказнасць за статак Пінскага Касцёла на пасадзе Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі.
Згодна з рашэннем Папы Францішка, ад 3 студзеня да 23 кастрычніка 2021 года вы наслі пастырскую адказнасць за статак Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на пасадзе яе Апостальскага адміністратара.
Дзякую Вам таксама за плённае супрацоўніцтва, канструктыўнасць і адкрытасць на дзеянне Божага Духа ў служэнні ў межах Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, дзе Вы актыўна працавалі ў розных камісіях і секцыях, а асабліва як старшыня Рады па справах аховы культурнай спадчыны і асяроддзя пры ККББ.
Ваша Эксцэленцыя! Жадаем, каб і надалей Вы вялі актыўны дыялог з Панам, які няспынна яго з намі падтрымлівае. Няхай наступныя гады Вашай пастырскай паслугі будуць пад чулай апекай Маці Божай Марыі, якая слыне ласкамі ў Лагішыне, Брэсце і Гомелі. Святы Андрэй Баболя, апостал Палесся, няхай дапамагае Вам у пераадоленні ўсіх цяжкасцяў, а святы каралевіч Казімір, Ваш нябесны апякун, няхай надалей застаецца для Вас узорам у трывалай малітве перад Панам.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
г. Мінск, 10 кастрычніка 2024 г.