Пошук

23.09.2024 15:55   Catholic.by

Ваша Эксцэленцыя,

найдастойнешы біскуп Аляксандр!

З нагоды 75-годдзя з дня нараджэння, ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыміце самыя шчырыя словы пажаданняў і адначасова падзякі за прыняцце натхненняў Духа Святога, а таксама за вытрымку, мудрасць і разважлівую паставу вучня Хрыста ў рэалізацыі волі Божай.

Кожны юбілей — гэта добрая нагода для таго, каб выказаць перад Богам і людзьмі словы ўдзячнасці і ўзнесці малітву за дар жыцця і паклікання, за дар служэння і ахвяры. Дзякую Богу за жыццё Вашай Эксцэленцыі, якое Вы атрымалі праз любоў вашых бацькоў, прыйшоўшы на свет 75 гадоў таму, 23 верасня 1949 года, у вёсцы Падгайдзі, што на тэрыторыі Эйшышскай парафіі Віленскай архідыяцэзіі.

Дзякую за дар веры і прынятыя сакрамэнты, якія дапамаглі Вам узрастаць у ласцы Божай і развівацца ў духоўным жыцці.

Нягледзячы на атэістычнае супрацьстаянне, ваша вера развівалася, дапамагла Вам выстаяць падчас службы ў войску, дарэчы, у Бабруйску.

Дзякуем сёння разам з Вамі за дар паклікання. Скончыўшы Вышэйшую духоўную семінарыю ў Каўнасе, Вы 30 мая 1976 года прынялі сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату. З 1976 па 1981 год вы служылі вікарыем у парафіі ў Панявежысе, а ў 1981 годзе былі прызначаны пробашчам парафіі Святога Духа ў Вільні, дзе працавалі да 13 красавіка 1991 года, калі тагачасны Папа святы Ян Павел ІІ прызначыў Вас біскупам новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі. Ваша біскупскае пасвячэнне адбылося 23 мая 1991 года ў Гродне. У якасці біскупскага закліку Вы абралі словы Іesu in Te сonfido — «Езу, давяраю Табе» — словы, якія святая Фаўстына Кавальская падаравала свету падчас аб’яўленняў ёй Міласэрнага Езуса ў Вільні. З Вамі да нас на Беларусь завітала і Маці Божая Вастрабрамская, Маці Міласэрнасці. Сёння дзякуем за ваш давер і сардэчнасць як пастыра і чалавека.

Ваша Эксцэленцыя, дастойны юбіляр! Жадаем, каб і надалей Вы вялі актыўны дыялог з Панам, які няспынна яго з намі падтрымлівае.

Няхай наступныя гады вашага пастырскага служэння будуць пад чулай апекай Маці Божай Кангрэгацкай. Святы Казімір Каралевіч і святы Максімільян Кольбэ няхай дапамагаюць Вам у пераадоленні ўсіх цяжкасцяў, якія сустракаюцца на Вашым пастырскім шляху.

Plurimos annos!

З пашанай, Ваш брат у пастырскім служэнні

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 23 верасня 2024 г.

Абноўлена 23.09.2024 16:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця