Пошук

13.09.2024 11:28   Тэкст і фота: кс. Юрый Ясевіч / Catholic.by

11 верасня адбылася дыялогавая пляцоўка «Рэлігія і нацыянальная ідэнтычнасць», якую праводзіў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі на мерапрыемстве прадстаўлялі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, а таксама ксёндз канонік Францішак Рудзь і ксёндз канонік Юрый Ясевіч.

У дыялогавай пляцоўцы бралі ўдзел упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, прарэктар па навуковай працы і адукацыйных інавацыях БДУ Алеся Прахарэнка, дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі, іншыя выкладчыкі флагаманскай ВНУ краіны, прадстаўнікі традыцыйных рэлігій і канфесій, а таксама вялікая колькасць студэнтаў.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі такія тэмы, як роля міжканфесійнага дыялогу ва ўстойлівым развіцці дзяржавы, рэлігія як фактар уплыву на асобасны рост у сферы адукацыі, дабрачыннасць, сучасныя формы і механізмы ўзаемадзеяння канфесій і ўстаноў адукацыі, вопыт мемарыялізацыі гістарычнага мінулага праз захаванне помнікаў культурнай спадчыны.

Арцыбіскуп Станеўскі ў сваёй прамове звярнуў увагу на вялікае значэнне дыялогу, падкрэсліўшы яго неабходнасць.

«Дыялог з’яўляецца „роднай мовай“ чалавецтва, таму што ён ператварае ворага ў апанента, а апанента — у сябра», — заўважыў іерарх. Ён дадаў, што дыялог робіць прывабным яго спантаннасць і непрадказальнасць. Часам патрэбны і прарочы жэст, напрыклад, як Папа Францішак цалаваў ногі лідэрам канфліктуючых бакоў у паўднёвым Судане, калі яны прыбылі ў Рым.

На заканчэнне сустрэчы яе ўдзельнікі наведалі Музей землязнаўства БДУ, аналагу якога няма ў свеце.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця