Пошук

09.09.2024 09:30   Тэкст і фота: Ганна Каханоўская / Catholic.by

У санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Барунскай (Ашмянскі дэканат) працягваецца малітоўная падрыхтоўка — навэнна з дзевяці субот — да доўгачаканай урачыстай падзеі: каранацыі цудадзейнага абраза Багародзіцы, якая тут ушаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных.

Вернікі з розных дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі прыбываюцьу Баруны — месца, якое Марыя сама сабе выбрала, — каб аддаць Ёй пашану і хвалу. Распачалі навэнну блізкія суседзі з Ашмянскага дэканату, а працягнулі вернікі іншых дэканатаў: арганізована і індывідуальна.

Субота 7 верасня была вызначана для Навагрудскага, Слонімскага і Дзятлаўскага дэканатаў.

Вернікі з гэтых дэканатаў распачалі сваю сустрэчу з Марыяй з Ружанца каля Яе цудадзейнага абраза, перад выстаўленным у манстранцыі Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

У прысутных была магчымасць паяднацца з Богам у сакрамэнце споведзі, адчуць прыгажосць малітвы і блізкасці Марыі. Потым адбылася святая Імша, якая завяршылася навэннай.

Як адзначыў у прамоўленай гаміліі ксёндз Андрэй Лішко, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве, «Марыя заўсёды чакае і ніколі не стамляецца дапамагаць, клапаціцца пра нас. Маці прагне, каб дзеці былі шчаслівыя. Яна шчаслівая тады, калі шчаслівыя Яе дзеці, і ўсё робіць для гэтага. Нябесная Маці непараўнальная ні з кім. Яна разумее нашыя клопаты і праблемы, нашыя няшчасці і беды, і кожнаму прагне дапамагчы, заносячы гэтыя мольбы да свайго Сына. Ці можа Сын сказаць Маці „не“ і не выслухаць?..» — адзначыў святар.

Да ўрачыстасці каранацыі застаюцца яшчэ чатыры суботы. Між тым падрыхтоўка да яе вядзецца не толькі духоўная, але і матэрыяльная.

З ласкі Пана Бога і дзякуючы ахвярнасці верных шанавальнікаў Марыі святыня прыгажэе на вачах: вядзецца мантаж каменных алтароў і амбоны, у прэзбітэрыі кладзецца каменная плітка, адбыўся рамонт у сакрыстыі. Вядуцца працы па добраўпарадкаванні касцёльнай тэрыторыі, адрамантаваны парафіяльны клас чакае дзяцей на катэхэзу. Ззяюць адноўленыя жырандолі, а абраз святых апосталаў Пятра і Паўла аздобіла прыгожая рама.

12 кастрычніка а 12-й гадзіне на абраз будуць ускладзены кароны як знак пакланення і падзякі вернікаў за апеку Маці Божай, няспынную дапамогу і незлічоныя ласкі тым, хто ўжо больш за тры стагоддзі з верай і пакорай схіляецца перад Яе цудадзейным Барунскім абразом. 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця