Напрыканцы лета Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арганізавала адпачынак для дзвюх груп людзей з інваліднасцю ў рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам.
Гэта быў час, праведзены ў цёплай сяброўскай атмасферы з людзьмі, якіх супрацоўнікі і валанцёры Caritas могуць смела назваць другой сям’ёй. За тыдзень адпачынку адбываліся розныя мерапрыемствы. Адным з іх стаў выезд у горад на аўтобусе. Удзельнікі самі вызначалі маршрут і планавалі прыпынкі, хадзілі па крамах, елі марозіва і шмат фатаграфаваліся. Удалося таксама пакатацца на цеплаходзе па Камсамольскім возеры ў Мінску.
Акрамя таго, былі шашлыкі і душэўныя размовы каля вогнішча да позняга вечара, калі на небе з’яўляюцца зоркі, а ў Ляскоўцы іх асабліва добра відаць.
Супрацоўнікі рэлігійнай місіі дзякуюць кожнаму, хто быў з імі ў апошнія дні лета, валанцёрам за дапамогу, актыўнасць і пазітыў.