Пошук

29.08.2024 12:39   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

24 жніўня ў Лядску (Гродзенская дыяцэзія, Шчучынскі дэканат) адзначылі 600-годдзе з часу заснавання мясцовай парафіі святога Станіслава, біскупа і мучаніка.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у юбілейнай урачыстасці, да якой парафія на чале з пробашчам, ксяндзом Уладзімірам Аксенцьевым, доўга рыхтавалася, разам з мясцовымі вернікамі ўдзельнічалі шматлікія госці, духавенства і кансэкраваныя асобы.

Урачыстасць распачалася тэатралізаваным прадстаўленнем, заснаваным на фактах з гісторыі парафіі, якое падрыхтавалі дзеці.

Пробашч прадставіў увазе прысутных нарыс гісторыі парафіі, падрыхтаваны дацэнтaм Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргеем Данскіх.

Кульмінацыяй урачыстасці стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Эўхарыстыю канцэлебравалі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама больш за 30 святароў з розных мясцін.

У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі нагадаў пра важнасць будаўніцтва адносін з Богам. Іерарх адзначыў, што дапамогай у гэтым служыць парафіяльная супольнасць, у якой кожны чалавек патрэбны і ў якую кожны ўносіць частку сябе.

Біскуп Юрый Касабуцкі заахвоціў перадаваць наступным пакаленням гісторыю разам з верай, назваўшы апошнюю вялікім дарам.

Напрыканцы Імшы парафіяне падзякавалі гасцям за тое, што падзялілі з імі радасць святкавання юбілею іх супольнасці.

Таксама яны выказалі падзяку свайму душпастыру, ксяндзу Уладзіміру, адзначыўшы, што той усім сэрцам аддаецца жыццю парафіі, і яго старанні спрыяюць таму, каб святыня ў Лядску з кожным годам станавілася прыгажэйшай.

У памяць аб юбілеі адбылося благаслаўленне крыжа, усталяванага каля касцёла, якое здзейсніў біскуп Уладзімір Гуляй. Архімандрыт Сяргей Гаек здзейсніў благаслаўленне абраза святой Вікторыі, панны і мучаніцы.

Пасля літургіі адбыўся святочны канцэрт, а гасцінныя парафіяне прапанавалі ўсім прысутным смачны пачастунак.

                 
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа