Пошук

09.08.2024 12:36   Тэкст: Таццяна Шумель / Фота: Таццяна Шумель / FB / Catholic.by

8 жніўня ў аграгарадку Хоўхлава (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат) распачалася акцыя па аднаўленні драўлянага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі.

За амаль тры стагоддзі свайго існавання пабудаваная з дрэва святыня была сведкам розных падзей, перажывала перыяды страт і адраджэння, прыходзіла ў заняпад і ўздымалася, напаўнялася людзьмі і пусцела, нават пабыла праваслаўнай царквой у часы Расійскай імперыі і калгасным складам у савецкія часы, але ніколі не была пазбаўлена шчырых вернікаў, якія, як маглі, клапаціліся пра яе стан. І хоць цяпер гэты касцёл і парафія перажываюць складаныя часы, калі большасць моладзі выехала ў гарады і засталася толькі невялікая рэшта мясцовых вернікаў, святыня жыве.

Па запрашэнні меншых братоў капуцынаў, якія нясуць служэнне ў парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, а таксама апякуюцца хоўхлаўскімі вернікамі, з 9 па 10 жніўня ў Хоўхлаве праходзіць акцыя па аднаўленні касцёла.

Валанцёры, сярод якіх неабыякавыя людзі з Маладзечна, Мінска і іншых мясцін, а таксама калектыў «Радыё Марыя Беларусь» парадкуюць тэрыторыю і фарбуюць драўляныя сцены старадаўняй святыні.

Акцыя распачалася раніцай 8 жніўня святой Імшой ў хоўхлаўскім касцёле.

9 жніўня ўсіх зацікаўленых чакае «экскурс у мінулае», з якога можна будзе даведацца пра Хоўхлава, мясцовы касцёл і выбітных людзей, звязаных з мястэчкам. Пачатак экскурсіі ў 20.00.

Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных прыняць удзел у акцыі. Далучыцца можна духоўна, фізічна і матэрыяльна.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.