Пошук

25.07.2024 10:44   Catholic.by

25 ліпеня Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, скіраваў віншаванне свайму папярэдніку, арцыбіскупу эмэрыту Тадэвушу Кандрусевічу, які ў гэты дзень 35 гадоў таму быў абвешчаны першым біскупам у Беларусі пасля Другой сусветнай вайны.

Ваша Эксцэленцыя,
найдастойнейшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч!

Сёння, 25 ліпеня, калі Вы святкуеце 35-ю гадавіну з часу Вашага прызначэння біскупам Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду на Беларусі, якое здзейсніў Папа Ян Павел ІІ, жадаю выказаць Вам удзячнасць за жыццё і пастырскае служэнне Вашай Эксцэленцыі.

Гэта быў час плённай, настойлівай, разважлівай і адданай працы для даручанага вашай пастырскай апецы народа Божага. «Хто ж як Бог», — тады вы сказалі сабе і паўтаралі гэта народу Божаму, які прагнуў Божай ласкі.

Сёння, напэўна, немагчыма пералічыць усе душпастырскія ініцыятывы, на чале якіх Вас паставіў Божы Провід. Арганізацыя Курыі і касцёльнага суда, Вышэйшай духоўнай семінарыі і Caritas, і многіх іншых касцёльных структур і ўстаноў, створаных Вамі дзеля таго, каб Валадарства Божае на зямлі пусціла свае духоўныя карані.

Ваша Эксцэленцыя, 13 сакавіка 1991 года, калі Вы былі «на глыбіні» мора спраў у чоўне беларускага Касцёла, Папа Ян Павел ІІ прызначыў Вашу Эксцэленцыю Апостальскім адміністратарам у Маскве для католікаў Еўрапейскай часткі Расіі. Тады Пантыфік сказаў: «Тадэвуш, не бойся». Пра Вашы адважныя дасягненні ў крочанні праз духоўную пустыню дзеля арашэння Божым словам сэрцаў людзей мы даведваліся са СМІ, і гэтых дасягненняў сапраўды немагчыма пералічыць. Богу падзяка за ўсё, а Вам — належная пашана як вялікаму капітану Божага карабля Усходу.

«Я вярнуўся ўжо, не сумуй дарагая [мама], прытулі, як тады, калі ішоў я ў свет», — гэта радкі з песні пра маму, якія я ўзгадваю, маючы на ўвазе Ваша вяртанне на Бацькаўшчыну, гэтым разам ужо згодна з рашэннем Папы Бэнэдыкта XVI. Новае заданне і новыя выклікі часу, бо сам Бог у гэты час выбраў Вас: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі ad nutum Sanctæ Sedis, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Старшыня камісій пры ККББ і многіх іншых структур Касцёла, але перадусім хрысціянін, як вы самі часта падкрэсліваеце ў сваіх прамовах.

Ваша Эксцэленцыя, поўная сэрца і мудрасці праца была ацэнена шматлікімі касцёльнымі, дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі. Вось некаторыя з іх: з 1999 года — сапраўдны член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, член спецыяльнай рады па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сіноду Біскупаў, Кангрэгацыі па справах духавенства, а таксама Папскай рады справядлівасці і спакою, віцэ-прэзідэнт Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС).

Аднак найвялікшай узнагародай — у часовым вымярэнні — з’яўляецца пашана, сімпатыя і любоў вернікаў, якая выражаецца праз малітву, духоўную падтрымку і добрыя словы.

У паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Pastores gregis — пра біскупа, слугу Евангелля Езуса Хрыста для надзеі свету — чытаем: «Біскуп пасланы ад імя Хрыста як пастыр, каб клапаціцца пра частка даручанага яму народа Божага. Праз Евангелле і Эўхарыстыю ён павінен садзейнічаць яе росту як рэчаіснасці еднасці ў Духу Святым».

Ад імя біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, семінарыстаў і навіцыяў, міністрантаў і валанцёраў, дзяцей і моладзі, а таксама ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла нашай Бацькаўшчыны жадаю Вам усё глыбей перажываць сваё пасланніцтва, гэта значыць выкананне місіі самога Езуса Хрыста, які ў сваім пастырскім служэнні аб’яўляе любоў Бога да чалавека. Спадзяюся, што штодзённая блізкасць Евангелля і Эўхарыстыі прывядзе да асвячэння Вас і народа Божага, з якім Вы сустракаецеся.

Нарэшце, жадаю апекі святых апекуноў нашай Бацькаўшчыны і Каралевы Беларусі Маці Божай Будслаўскай.

З пашанай шлю братэрскае прывітанне ў Хрысце Пану,

Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

г. Мінск, 25 ліпеня 2024 г.

Абноўлена 25.07.2024 10:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця