17 ліпеня ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Аляксея Веравызнаўцы, якога называюць таксама чалавекам Божым.
Аляксей быў рымлянінам, які паходзіў з вельмі багатай сям’і рымскіх патрыцыяў. Яго родны дом знаходзіўся на Авэнтынскім пагорку.
Як падае жыццярыс святога, калі ён дасягнуў паўналецця, бацькі ажанілі яго з дзяўчынай каралеўскага паходжання, але перад шлюбнай ноччу Аляксей уцёк, і яго не ўдалося адшукаць. Між тым ён скіраваўся ў пілігрымку на Святую Зямлю, а яго жонка Фаміяна, застаўшыся без мужа, таксама дала шлюб дзявоцтва.
Аляксей пэўны час жыў у Эдэсе як жабрак, утрымліваючыся з міласціны. Усё, што яму ўдавалася сабраць, ён раздаваў іншым небаракам, а сам жыў толькі на хлебе і вадзе. У Рым ён вярнуўся праз 17 гадоў вандраванняў.
У родным горадзе Аляксея ніхто не пазнаў, нават яго сям’я, і ён 16 гадоў пражыў непазнаным у невялічкай келлі пад сходамі бацькоўскага дома.
Яго жыццё праходзіла ў нястомнай малітве і наведванні рымскіх святыняў. Прадчуваючы набліжэнне смерці, Аляксей напісаў ліст, у якім апісаў свой зямны шлях. Ён адышоў у вечнасць у 411 годзе, трымаючы ў руках напісаны ліст. Аднак ніхто з людзей — ні Папа, ані цэзар — не мог узяць гэты ліст. Гэта ўдалося зрабіць толькі жонцы Аляксея.
Пры целе Аляксея шмат людзей атрымалі аздараўленне. У яго пахаванні ўзяў удзел Папа і цэлы Рым. Ён ушаноўваецца як апякун шэрагу манаскіх супольнасцяў, а таксама бедных, пілігрымаў, вандроўнікаў і жабракоў. Яго абароны просяць ад землятрусаў, засухі, дрэннага надвор’я, а таксама падчас эпідэмій і пошасцяў. Праз заступніцтва святога Аляксея моляцца аб вызваленні ад ганарыстасці і пыхлівасці.
У Беларусі касцёлы святога Аляксея ёсць у Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) і ў Сяльцы (Пінская дыяцэзія, Пружанскі дэканат). У комплексе новазбудаванага касцёла Спаслання Духа Святога ў Барысаве пад сходамі ёсць капліца святога Аляксея, чалавека Божага.