
13 ліпеня ў вёсцы Ёды (Віцебская дыяцэзія, Мёрскі дэканат), што знаходзіцца па дарозе з Шаркаўшчыны на Браслаў, адзначылі адпустовую ўрачыстасць і 30-годдзе з часу з’яўлення гэтай невялікай вясковай святыні, перабудаванай у 1994 годзе з аптэкі.
Як паведамляецца на сайце Сatholicnews.by, у святкаванні ўзяў удзел пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.
Разам з іерархам маліліся дэкан Мёрскі, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах ксёндз Андрэй Кулік, святары з законніцкай супольнасці сэрцанаў, якія тут неслі служэнне і цяпер таксама духоўна апякуюцца тутэйшымі вернікамі, папярэдні душпастыр парафіі ў Ёдах ксёндз Ян Пугачоў, кармэліт з Мядзела айцец Аляксандра Стока, а таксама мясцовыя жыхары і госці з наваколля.

На пачатку цэлебрацыі, якая адбывалася на палявым алтары каля капліцы, ксёндз Віктар Сініцкі SCJ прапанаваў зазірнуць у мінулае і коратка пазнаёміў з гісторыяй Ёдскай парафіі Маці Божай Шкаплернай.
У 1743 годзе Ёды былі вядомыя як мясцовасць на тэрыторыі Іказненскай парафіі ў складзе Віленскай дыяцэзіі. У 1906 годзе ў Ёдах, якія ў той час ужо ўваходзілі ў склад парафіі ў Барадзінічах, існавала капліца. Наступная згадка пра капліцу як пра філіяльны касцёл парафіі ў Барадзінічах адносіцца да 1925 года. Магчыма, перад Другой сусветнай вайной распачалося будаўніцтва новай капліцы: па некаторых звестках, капліца была перанесена з бліжэйшай вёскі Валожанкі.
Падчас ваенных дзеянняў капліца была спалена.
У пасляваенны час вернікі пачалі аднаўленне капліцы, але неўзабаве яна была забрана ўладамі, перададзена Ёдскай сярэдняй школе і прыстасавана пад інтэрнат.

Доўгі час вернікі Ёдаў былі вымушаны ездзіць у навакольныя касцёлы, і толькі з 1993 года ў вёсцы пачалі адбывацца набажэнствы. Першапачаткова Імша цэлебравалася ў будынку дзіцячага садка, а потым вернікам быў перададзены будынак былой аптэкі, які прыстасавалі пад капліцу.
30 красавіка 1994 года ў капліцы цэлебравалася першая святая Імша.
У алтары капліцы ў Ёдах змешчаны абраз Маці Божай Шкаплернай: той самы, з папялішча, адрэстаўраваны дзякуючы ксяндзу Яну Пугачову. На палявым алтары была змешчана копія абраза, намаляваная мастаком з Шаркаўшчыны.
«Сёння прагнем злучыць гэтыя дзве падзеі: 30 гадоў нашай святыні і парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Шкаплернай», — зазначыў ксёндз Віктар.

Біскуп Буткевіч перадаў прысутным «прывітанне» ад Маці Божай Тракельскай, урачыстасці ў гонар якой адбываліся ў гэтыя ж дні.
«Наша краіна асаблівым чынам знаходзіцца пад апекай Найсвяцейшай Панны Марыі. Маем найбліжэйшы санктуарый Маці Божай у Браславе. Фактычна, кожны абласны цэнтр, калі не раённы, знаходзіцца пад гэтай асаблівай апекай. Нават тут, у Ёдах, гэта знак Яе дапамогі», — заўважыў іерарх.
Гамілію прамовіў айцец Аляксандр Стока, які распавёў пра гісторыю і значэнне шкаплера.

Напрыканцы Імшы старшыня парафіяльнай рады ад імя ўсіх мясцовых вернікаў падзякавала за супольную малітву біскупу і прысутным святарам. Ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ, сэрцанін з Шаркаўшчыны, пад чыёй душпастырскай апекай знаходзіцца Ёдская парафія, падзякаваў прысутнаму на ўрачыстасці старшыні мясцовага сельсавета Івану Пачкоўскаму за падтрымку, дапамогу і супрацоўніцтва.
Біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што і Касцёл, і свецкая ўлада робяць адну добрую справу: служаць для дабра людзей.
Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам вернікі памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, а потым прайшлі ў Эўхарыстычнай працэсіі вакол святыні, праславілі Бога гімнам Te Deum і атрымалі ўрачыстае бласлаўленне, пасля чаго ахвотныя мелі магчымасць прыняць з рук айца кармэліта шкаплер — адну з сакрамэнталіяў Касцёла і знак любові Марыі.















































