Пошук

28.06.2024 12:12   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Увечары 27 чэрвеня ў Мінску адбыўся афіцыйны прыём у гонар чарговай гадавіны Пантыфікату Папы Францішка, арганізаваны Апостальскай нунцыятурай у Беларусі.

У святочным мерапрыемстве па запрашэнні Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча ўзялі ўдзел іерархі Касцёла на Беларусі, духавенства, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, юдэйскай і мусульманскай супольнасцяў, дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпусу, дзеячы навукі і культуры. Сярод іншых прысутнічалі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі біскуп Казімір Велікаселец, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Улады на прыёме прадстаўлялі намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.

Зазвычай Дзень Папы праводзіцца або ў гадавіну абрання Пантыфіка, або бліжэй да ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла, якая адзначаецца ў Касцёле 29 чэрвеня.

Афіцыйная частка прыёма распачалася з гімнаў Святога Пасаду і Беларусі ў выкананні Мінскага струннага квартэта. Пасля гэтага супрацоўніца нунцыятуры ў Мінску Яўгенія Раткевіч запрасіла на сцэну нунцыя Ёзіча і ўпаўнаважанага Румака.

Першым звярнуўся з прамовай прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне, які перадусім ад імя Святога Айца падзякаваў усім прысутным і перадаў яго сардэчнае прывітанне. Нунцый дадаў, што вучэнне Пантыфіка звязана з традыцыйнымі і вечнымі каштоўнасцямі, агульнымі для ўсіх рэлігій і грамадзянскіх супольнасцяў, і заснавана, у прыватнасці, на сямейных каштоўнасцях, правах чалавека, сацыяльнай справядлівасці, талерантнасці, павазе і міры.

«Калі гэтыя каштоўнасці адмаўляюцца разнастайнымі філасофскімі, культурнымі і палітычнымі поглядамі сучаснай культуры, Папа Францішак нястомна выступае ў іх абарону, каб зрабіць свой уласны пазітыўны ўнёсак», — падкрэсліў нунцый Ёзіч. Ён нагадаў, што з нагоды 75-годдзя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прынятай Генеральнай асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года, Святы Пасад у красавіку гэтага года апублікаваў Дэкларацыю пад назваю Dignitas іnfinita пра чалавечую годнасць, у якім, між іншым, сцвярджаецца, што «кожны чалавек павінен карыстацца прызнаннем і адносіцца да яго належыць з павагай і любоўю менавіта з-за яго неад’емнай годнасці». Менавіта гэтая годнасць становіцца асновай правоў і абавязкаў чалавека ў свеце, і ў гэтым фундаментальным праве нікому не можа быць адмоўлена.

«З гэтай прычыны Папа Францішак заяўляе ў дакуменце: „Калі гэты элементарны прынцып не захоўваецца, няма будучыні ні для братэрства, ані для выжывання чалавецтва“, маючы на ўвазе канкрэтныя парушэнні чалавечай годнасці ў наш час, заклікаючы кожнага да большай адказнасці і актыўнай дзейнасці», — адзначыў Апостальскі нунцый. Пры гэтым ён заўважыў, што Папа Францішак праяўляе асаблівую ўвагу да прымірэння паміж народамі, асабліва ў зонах канфліктаў, такіх як Украіна і Сектар Газа, а таксама ў іншых частках свету, робячы свой унёсак у гуманітарным аспекце і заклікаючы бакі спыніць агонь і пачаць перамовы, якія прывядуць да трывалага міру.

«Праз некалькі дзён Рэспубліка Беларусь будзе адзначаць Дзень Незалежнасці, калі будзе святкавацца 80-годдзе вызвалення беларускага народа ад нацызму ў гады Другой сусветнай вайны. У гэты дзень беларускі народ зведаў вялікую радасць здабыцця свабоды, якая з’яўляецца неацэннай для кожнага чалавека. Малюся, каб кожны грамадзянін Беларусі заўсёды адчуваў сябе свабодным і абароненым ад любых знешніх і ўнутраных абмежаванняў, каб мець магчымасць поўнасцю рэалізаваць сябе ў сваёй краіне», — запэўніў прадстаўнік Папы Францішка.

Ён нагадаў, што ў сваёй Энцыкліцы Fratelli tutti Папа выказвае надзею на тое, што ўсе людзі стануць больш братамі і сёстрамі, каб лепш разумець адно аднаго і дапамагаць адно аднаму. Паводле нунцыя Ёзіча, Каталіцкі Касцёл у Беларусі «пакліканы сведчыць і спрыяць салідарнасці і маральнаму дабру для ўсіх».

«Адзначаючы дванаццаты год Пантыфікату Папы Францішка, мы вельмі ўдзячныя Папу за яго словы яснасці і падтрымкі і ў той жа час хочам пажадаць яму доўгага жыцця, просячы яго працягваць натхняць нас у нашым пошуку міру ў сучасным свеце», — сказаў Апостальскі нунцый.

Перш, чым завяршыць сваё выступленне, ватыканскі дыпламат паведаміў, што сёлета завяршае сваю місію ў Беларусі пасля амаль чатырохгадовага служэння Касцёлу і беларускаму грамадству.

«Я дзякую ўсім за супрацоўніцтва, за падтрымку і цярплівасць. Я заўсёды стараўся будаваць масты і дарогі, якія аб’ядноўваюць нас і робяць нас братамі і сёстрамі.

Калі я прыехаў, у мяне было шмат мараў, некаторыя з якіх змаглі спраўдзіцца як у Касцёле, так і ў беларускім грамадстве. Аднак многія з іх так і засталіся нерэалізаванымі. Я спадзяюся, што і іншыя мары неўзабаве змогуць быць рэалізаваныя дзеля агульнага дабра і кожнага асобнага грамадзяніна, — прызнаўся нунцый Антэ Ёзіч. — На завяршэнне хачу прачытаць вам верш вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна. Няхай ён будзе маім пажаданнем для вас на развітанне:

Як бы пагрозліва вятры не гулі,
Звыклі не чуць іх спакойныя хмары.
Нетрывалае ўсё на халоднай зямлі —
Узводзьма ў сэрцах Госпаду храмы!»

Пасля нунцыя прамовіў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, які перадусім павіншаваў католікаў з надыходзячай урачыстасцю святых апосталаў пятра і Паўла і чарговай гадавінай Пантыфікату Папы Францішка.

«Святы апостал Пётр, адзін з вучняў нашага Збаўцы, атрымаў ключы ад Валадарства Нябеснага, каб перадаваць іх на працягу стагоддзяў сваім наступнікам. Яго подзвіг, падзвіжніцтва і першапраходніцтва зацвярджаюць хрысціянства як моцны рухавік у пабудове мірнага грамадства, стварэнні духоўных і маральных цнотаў», — адзначыў прадстаўнік улады, дадаўшы, што «Рыма-Каталіцкі Касцёл, стаўшы асновай сучаснай заходняй цывілізацыі, на працягу многіх стагоддзяў застаецца неад’емнай часткай гісторыі беларускага народа».

«Аказаўшы значны ўплыў на фармаванне самабытных духоўных традыцый і культуры беларусаў, сёння ён карыстаецца вялікім аўтарытэтам у грамадстве, актыўна дапамагае людзям, спрыяе набыццю імі духоўных і маральных каштоўнасцяў, здзяйсняе вялікую дабрачынную і грамадскую дзейнасць, праводзіць работу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа.

Прыемна адзначыць, што на сучасным этапе беларусы не толькі не забыліся дарогу да касцёла, але і знаходзяць новыя сцежкі для пошуку веры і пунктаў духоўнага ўзрастання ў яго мурах. З часу набыцця незалежнасці ў нашай краіне шматразова павялічылася колькасць супольнасцяў, будуюцца новыя касцёлы, робіцца ўсё магчымае для захавання страчаных святыняў. Наша маладая беларуская дзяржава імкнецца да пабудовы канструктыўных і ўзаемапаважлівых адносін са Святым Пасадам. Хачу асабліва падкрэсліць, што ў апошні час мы дасягнулі значных поспехаў у гэтым кірунку і перадусім дзякуючы Яго Святасці Папу Францішку і нашаму прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку», — сцвердзіў упаўнаважаны Румак, нагадаўшы, што, наведваючы ў 2016 годзе Ватыкан, кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: «Тыя прынцыпы, якіх я прытрымліваюся як прэзідэнт, цалкам супадаюць з тымі прынцыпамі, якіх прытрымліваецца Папа Францішак. <…> У нас аднолькавыя погляды на светаўстрой і развіццё».

Высокі прадстаўнік улады дадаў, што пазіцыя Святога Айца ўмацавала давер да Святога Пасаду ў сэрцах людзей розных веравызнанняў.

«Дзякуючы адкрытасці Папы Францішка, яго харызматычнасці, неаспрэчнаму маральнаму аўтарытэту ў свеце ўмацоўваюцца пазіцыі прыхільнікаў ідэй пераадролення сацыяльнай няроўнасці, вырашэння глабальных экалагічных праблем, дапамогі бедным і абяздоленым, мірнага вырашэння ваенных канфліктаў. На гэтым фоне вельмі заканамерным выглядае цвёрдае і паслядоўнае ўмацаванне адносін Апостальскай нунцыятуры з дзяржаўнымі структурамі Рэспублікі Беларусь. Мы шукаем і знаходзім пункты судатыкнення па вострых пытаннях, імкнемся да ўзаемаразумення, вырашаем праблемы, што ўзнікаюць», — адзначыў Аляксандр Румак, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што станоўчы вектар гэтага супрацоўніцтва служыць не толькі дзеля дабра Каталіцкага Касцёла і яго беларускай паствы, але і справе міру на планеце.

Прадстаўнік улады нагадаў словы Папы Францішка, які на згаданай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам зазначыў, што «Мінск можа быць месцам міру».

«Трагічная і павучальная гісторыя нашага народа, які заўсёды стаяў на скрыжаванні інтарэсаў глабальных еўрапейскіх і сусветных гульцоў, кажа аб тым, што Беларусь мае ўсе шанцы стаць прадуктыўным донарам мірных ініцыятываў; той бясспрэчнай пляцоўкай, на якой магчымы кампраміс розных бакоў існуючых канфліктаў. Я ўпэўнены: словы Папы Францішка могуць стаць мудрым прароцтвам і духоўным благаслаўленнем у справе адбудовы міру і супакою на еўрапейскім кантыненце», — сцвердзіў на заканчэнне прамовы ўпаўнаважаны Аляксандр Румак, прапанаваўшы тост «за мір і за Папу», які з энтузіязмам падтрымалі ўсе прысутныя.

 

Абноўлена 28.06.2024 14:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа