Пошук

27.06.2024 10:26   Паводле: jezuity.by / Catholic.by

У аўторак 25 чэрвеня айцец правінцыял Збігнеў Лячкоўскі SІ змяніў настаяцеля супольнасці езуітаў святога Андрэя Баболі ў Віцебску — адзіным месцы ў нашай краіне, дзе нясуць служэнне прадстаўнікі манаскай супольнасці, да якой належыць таксама Папа Францішак.

Як паведамляецца на сайце Таварыства Езуса ў Беларусі Jezuity.by, падчас святой Імшы ў кляштарнай капліцы айцец правінцыял падзякаваў папярэдняму настаяцелю айцу Клеменсу Верту SІ і зачытаў дэкрэт аб прызначэнні новым настаяцелем айца Віктара Жука SІ.

У цэлебрацыі таксама ўдзельнічаў айцец Томаш Ортман SІ, настаяцель Расійскага рэгіёна Велікапольска-Мазавецкай правінцыі, да якога належыць віцебская супольнасць.

Настаяцелі адзначылі вялікі ўнёсак папярэдняга настаяцеля ў развіццё супольнасці езуітаў у Віцебску.

За дзевяць гадоў служэння ў абласным цэнтры айцец Клеменс здолеў, між іншым, пабудаваць касцёл у гонар святога Ігнацыя Лаёлы для новай парафіі святога Уладзіслава, апеку над якой біскуп Алег Буткевіч даручыў езуітам. Наступнай місіяй айца Клеменса стане Кыргызстан, дзе ён працягне служэнне.

У нядзелю 23 чэрвеня з айцом Клеменсам развіталіся вернікі парафіі святога Уладзіслава. Езуіт прыехаў у Віцебск у 2015 годзе. Ад самага пачатку свайго служэння тут ён дапамагаў біскупу Алегу Буткевічу наладзіць працу дыяцэзіяльнай Курыі, а пазней служыў эканомам дыяцэзіі. Ён таксама стаў адным з заснавальнікаў сучаснай езуіцкай супольнасці ў Віцебску.

Бачным знакам яго служэння на беларускай зямлі назаўжды застанецца касцёл святога Ігнацыя Лаёлы, да будаўніцтва якога найбольш прычыніўся руплівы святар.

Развітанне адбылося падчас святой Імшы, якую айцец Віктар Жук SI па просьбе парафіянаў ахвяраваў за айца Клеменса.

У прамоўленай гаміліі айцец Віктар, між іншым, пажадаў айцу Клеменсу «ў новых умовах несці ў сэрцы цеплыню нашай удзячнасці Пану за ўсё, што ты, дарагі айцец і брат Клеменс, зрабіў для нас тут, у Віцебску, а ў першую чаргу за тое, кім быў для нас у сваім сціплым і далікатным стылі».

Каб падзякаваць айцу Клеменсу за яго служэнне, вернікі парафіі святога Уладзіслава падрыхтавалі відэапрэзентацыю, якая нагадвала найбольш важныя і кранальныя моманты яго дзейнасці і жыцця ў Віцебску. Пасля прагладу прэзентацыі парафіяне звярнуліся да айца Клеменса з падзякай за яго служэнне: «Мы дзякуем вам за гэтую цудоўную святыню і за той час, які вы былі з намі. Мы ведаем, што ў вас на зямлі ёсць асаблівая місія: будаваць Святыню Божую, і рабіць гэта з самых моцных матэрыялаў: даверу, павагі, мудрасці, надзеі, веры, любові. Няхай Бог умацоўвае вас у вашай місіі, каб святыні, пабудаваныя вамі, стаялі на працягу стагоддзяў», — пажадалі святару прадстаўнікі парафіі.

Айцец Калеменс падзякаваў парафіянам за добрыя словы і падтрымку:

«Я прабыў тут амаль дзевяць гадоў і не хачу ад’язджаць, але касцёл ужо пабудаваны, біскупу я ўжо дапамог, як мог, а Касцёл у Кыргызстане патрабуе дапамогі, таму прыйшоў час, каб рухацца далей. Заўсёды быў удзячны ўсім вам за падтрымку, асабліва калі вы збіралі подпісы, пісалі лісты з просьбай атрымаць дазвол на служэнне ад беларускіх уладаў, і ў іншых выпадках. Мне прыемна працаваць тут, з вамі», — прызнаўся айцец Клеменс.

Развітанне працягнулася ў адміністрацыйным памяшканні касцёла, дзе парафіяне яшчэ раз падзякавалі святару за служэнне.

Яны перадалі айцу Клеменсуу некалькі сімвалічных падарункаў: фотаальбом на памяць аб віцебскім перыядзе жыцця і служэння, вышыванку з беларускімі арнаментамі, маленькі макет касцёла святога Ігнацыя, надрукаваны на 3-D прынтары, каску з выявамі пабудаванага ў Віцебску касцёла, праекту будучага касцёла ў Бішкеку і словамі псальмаў, а таксама торт з эмблемай Таварыства Езуса і яго дэвізам — Ad maiorem Dei gloriam: «Дзеля большай хвалы Божай».

Новы настаяцель езуітаў у Віцебску айцец Віктар Жук SІ, які з ліпеня 2019 года служыць пробашчам парафіі святога Уладзіслава, нарадзіўся ў 1979 годзе ў Пінску. Пасля заканчэння эканамічнага факультэта ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне ўступіў у навіцыят Таварыства Езуса ў Новасібірску 14 жніўня 2003 года. Вывучаў філасофію ў Інстытуце філасофскіх даследаванняў Alosianum у Падуі, тэалогію — у Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, на пастырскай практыцы быў у езуіцкай сярэдняй школе ў Мілане. Спецыялізаваўся на біблійнай тэалогіі ва ўніверсітэце Santa Clara ў Каліфорніі (ЗША).

Дыяканскае пасвячэнне атрымаў з рук кардынала Джанфранко Равазі ў Рыме, а святарскае пасвячэнне — з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча 14 жніўня 2014 года ў Мінску.

У 2015–2019 гадах працаваў у Маскве ў Інстытуце імя святога Тамаша. Два гады таму даў манаскія абяцанні перад сваім правінцыялам айцом Збігневам Лячкоўскім SІ. Валодае беларускай, рускай, польскай, англійскай і італьянскай мовамі.

Пасля святой Імшы адыходзячы настаяцель айцец Клеменс падрыхтаваў смачны абед для гасцей з Польшчы і Расіі. Потым езуіты наведалі біскупа Алега Буткевіча і прайшліся па гістарычным цэнтры горада.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа