Пошук

20.06.2024 11:33   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Віктара Ведзеня

20 чэрвеня Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек адзначае 50-годдзе святарства.

Віншаванне з залатым юбілеем душпастырскага служэння прадстаяцелю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ад імя епіскапату краіны скіраваў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Высокадастойны айцец архімандрыт Сяргей Гаек,
Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі,

з нагоды 50-годдзя святарства ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, святароў, манаскіх асобаў і вернікаў лацінскага абраду прыміце самыя шчырыя словы пажаданняў.

Кожны юбілей — гэта добрая нагода для таго, каб выказаць перад Богам і людзьмі словы ўдзячнасці і ўзнесці малітву за дар жыцця і паклікання, за дар служэння і ахвяры.

Больш за 50 гадоў таму Вы прысвяцілі сваё жыццё служэнню Найвышэйшаму Богу і ўступілі ў Кангрэгацыю Ксяндзоў Марыянаў, дзе ўзялі сабе імя Сяргей, прыняўшы візантыйскі абрад.

Дзякуем Богу за тое, што ў сваёй прадбачлівасці і ласкавасці Ён адарыў вас даверам і яшчэ большай любоўю, паклікаўшы да выканання апостальскай місіі: у 1994 годзе Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў Вашу Высокапрападобнасць Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў. За адданую працу на карысць Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1996 годзе Святы Айцец надзяліў Вас годнасцю архімандрыта, а ў 1997 абраў Вас кансультантам Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.

У 2023 годзе Рымскі Пантыфік Папа Францішак прызначыў Вашу Высокапрападобнасць Апостальскім адміністратарам Апостальскай адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, якой Вы кіруеце, клапоцячыся аб развіцці царкоўнага жыцця яе душпастыраў і вернікаў дзеля духоўнага дабра ўсяго беларускага грамадства.

Дастойны юбіляр, жадаем, каб і надалей Вы вялі актыўны дыялог з Панам Богам, які няспынна яго з намі падтрымлівае. Няхай наступныя гады вашай пастырскай паслугі будуць пад чулай апекай Маці Божай Марыі ў Будслаўскай святыні. Святы Язафат Кунцэвіч, мучанік за веру, няхай дапамагае Вам у пераадоленні ўсіх цяжкасцяў, якія сустракаюцца на Вашым пастырскім шляху. Нябесныя жа заступнікі, святыя Ян і Сяргей, няхай надалей застаюцца для Вас узорам у трывалай малітве перад Панам.

Жадаю Вам моцнага здароўя, шчодрай дапамогі ад Бога, апекі Маці Божай, а таксама заступніцтва ўсіх святых Беларускай зямлі.

На многія і святыя гады, глыбокапаважаны Ойча Архімандрыце!

З павагай і малітвай,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 20 чэрвеня 2024 г.

Абноўлена 20.06.2024 11:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця