8 чэрвеня пры парафіі святога Францішка Асізскага ў Копішчы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход) рух «Сужэнскія сустрэчы» адзначыў 20-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі.
Больш за сотню аніматараў і ўдзельнікаў руху з Баранавічаў, Віцебска, Гродна і Мінска сабраліся на супольнае святкаванне круглай гадавіны.
Ва ўступным слове лідэры нацыянальнага праўлення руху Вольга і Аляксандр Панамаровы сказалі:
«Як дэвіз да гэтай гадавіны мы выбралі словы святога апостала Паўла з Паслання да Філімона: „Каб супольнасць тваёй веры прывяла цябе да пазнання ўсялякага дабра, якое ёсць у нас дзякуючы Хрысту“ (Флм 6).
За 20 гадоў, праводзячы розныя формы нашай дзейнасці, наша супольнасць у дастатковай ступені набыла навыкі і ўменні з майстэрні „Сужэнскіх сустрэч“; сёння нашыя намаганні варта скіраваць на тое, каб дыялог у нашых сем’ях, манаскіх супольнасцях і ўсёй супольнасці руху быў скіраваным „да пазнання ўсялякага дабра, якое ёсць у нас дзякуючы Хрысту“», — выказалі пажаданне лідэры руху ў Беларусі.
У праведзенай медытацыі Іван і Алена Лубінскія з Мінска дзякавалі Пану Богу за тое, што, нягледзячы на няўдачы на шляху дыялогу, на цяжкасці і памылкі, Стварыцель так укараніў у нас навыкі дыялогу, што яны з’яўляюцца неад’емнай часткай нашай асобы.
Юлій і Алена Барысевічы з Віцебска з радасцю заўважылі:
«На пачатку нашага сужэнства я адчувала велізарны страх і сумневы, ці будзе наша сужэнства ўдалым, калі тры пакаленні нашых сем’яў не змаглі пабудаваць непарыўную сужэнскую сувязь. Дзякуючы „Сужэнскім сустрэчам“ і дыялогу — дару Божага для нас — мы адчуваем аптымізм і давер да Бога, што ў нас усё атрымаецца».
Брат Ян Садоўскі, капуцын з Мінска, адзначыў: «Мой удзел у Руху — гэта мой асабісты выбар. Мне вельмі падабаецца супрацоўніцтва з сем’ямі ў правядзенні рэкалекцый і іншых форм дзейнасці. Я бачу, як мы дапаўняем адно аднаго, робячы нашу місію больш эфектыўнай», — дадаў малады святар.
У фармацыйнай сустрэчы Яўген і Дар’я Горбач з Мінска засяродзіліся на тым, што, уступаючы ў дыялог, выкарыстоўваючы майстэрню «Сужэнскіх сустрэч», людзі часта спрабуюць адстойваць сваю рацыю, і гэта не стварае сапраўднай блізкасці. «Я задаю сабе пытанне: ці я хачу мець рацыю, ці быць каханай? Гэта прыносіць палёгку, стварае сапраўдную блізкасць і адкрытасць у нашых адносінах», — заўважыла Дар’я.
Духоўны дарадца нацыянальнай суполкі «Сужэнскіх сустрэч» брат Алег Шэнда, капуцын з Мінска, узгадваючы пра свой асабісты 15-гадовы досвед удзелу ў руху, адзначыў, што дыялог заўсёды пачынаецца з пазнання самога сябе: неабходна адкрываць сябе такім, якім я на самай справе з’яўляюся.
«Другі бок дыялогу раскрываецца ў маіх адносінах з маімі субратамі капуцынамі, а менавіта ўспрымаць іншага чалавека такім, якім ён ёсць насамрэч, а не такім, якім бы мне хацелася, каб ён быў», — зазначыў манах.
Вялікую зацікаўленасць ва ўдзельнікаў выклікаў тэматычны блок «Гісторыя і структура». Уладзімір і Іна Крупенкі з Гродна ўзгадалі пра вельмі незвычайны спосаб з’яўлення «Сужэнскіх сустрэч» у іх родным горадзе. Рыхтуючыся да сужэнства і даведаўшыся, што рух праводзіць «Вечары для закаханых», яны дабіліся ад нацыянальнага Праўлення арганізацыі правядзення «Вечароў» у Гродне. Потым адбыўся «Ўікэнд», і вось ужо на працягу пяці гадоў 20 пар у Гродне збіраюцца на сустрэчы малой групы.
Праваслаўны святар протаіерэй Уладзімір Шэйдак разам з матушкай Інгай распавялі пра досвед «Сужэнскіх сустрэч» у Праваслаўнай Царкве ў Беларусі: рэгулярныя «Ўікэнды», сустрэчы малой групы.
Акрамя таго, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, даручыў айцу Уладзіміру знаёміць святароў Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы на курсах павышэння кваліфікацыі з вопытам «Сужэнскіх Сустрэч» у працы з сем’ямі.
Айцец Уладзімір зазначыў, што нярэдка гэтыя веды дапамагаюць не толькі ў душпастырстве, але і ў падтрымцы святарскіх сужэнстваў.
Цэнтральным момантам урачыстасці стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У прамоўленай гаміліі іерарх перадусім перадаў удзельнікам «Сужэнскіх сустрэч» прывітанне і віншаванні ад арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, пасля чаго падзяліўся ўласным вопытам, звязаным з рухам.
«Я сустрэуўся з „Сужэнскімі сустрэчамі“ яшчэ падчас служэння на Залатой Горцы, калі наша моладзевая група „перажанілася“ і далучалася да руху. За 20 гадоў адбылося шмат падзей: і радасных, і цяжкіх. Тое, што вы апынуліся ў руху — гэта не ваша заслуга: гэта пакліканне Божае. Канечне, гаворачы пра дзейнасць руху, варта глядзець на плён. Заўсёды хочацца ўсяго і адразу. Але ў жыцці так не бывае: трэба прайсці і праз цяжкасці і крызісы, і невялікімі крокамі рухацца наперад», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі.
Іерарх таксама звярнуў увагу на дыялог — слова, зразумелае сёння кожнаму чалавеку.
«Ваша сведчанне — гэта перш за ўсё набрацца асабістага вопыту жыцця ў дыялогу, а потым, прасякнуўшыся гэтым духам, не пакінуць яго пры сабе, але перадаць далей, іншым людзям, асяроддзю. Таму мы гаворым пра важнасць працы малых груп, у якіх вырастуць новыя аніматары. Пан Бог выкарыстоўвае вас, ваш досвед, ваш спосаб пераадолення крызісаў, каб распаліць жаданне жыццём у дыялогу ў людзей, да якіх вы пасланыя.
Заўсёды ідзіце наперад, хоць не заўсёды вашыя планы будуць здзяйсняцца. Не ўпадайце ў песімізм: магчыма, Бог скарыстаецца вамі ў зусім нечаканых абставінах. І ваша сведчанне прынясе плод, якога не чакаеце», — падкрэсліў на заканчэнне гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі.