Пошук

04.06.2024 13:49   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У нядзелю 2 чэрвеня, наступную пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая сёлета адзначалася 30 мая, па вуліцах Мінска прайшла традыцыйная Эўхарыстычная працэсія.

Яна, як зазвычай, распачалася пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

Напачатку на прыкасцёльным цвінтары адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з арцыпастырам Эўхарыстыю канцэлебравалі святары з каталіцкіх супольнасцяў сталіцы, дзе ў першай палове дня былі адменены ўсе іншыя святыя Імшы.

У цэлебрацыі ўзялі ўдзел таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзі біскуп Юрый Касабуцкі і прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які і распачаў працэсію пры першым алтары каля Залатагорскага касцёла.

Шэсце з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах беларускай сталіцы, у якім бралі ўдзел некалькі тысяч вернікаў розных узростаў, ад Залатой Горкі вырушыла да плошчы Перамогі, дзе спынілася перад другім алтаром.

Трэці прыпынак працэсіі меў месца пры трэцім алтары, падрыхтаваным на Кастрычніцкай плошчы, а апошні, чацвёрты — каля сцен архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі на плошчы Свабоды.

Пры кожным з алтароў чытаўся прадугледжаны ўрывак з аднаго з Евангелляў на Эўхарыстычную тэматыку, прамаўлялася гамілія і адбывалася благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Разам са святарамі і вернікамі лацінскага абраду ў Эўхарыстычнай працэсіі бралі ўдзел таксама духавенства і вернікі Грэка-каталіцкай Царквы. Асабліва ўрачыста выглядалі дзеткі ў белых строях, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію. Прадстаўнікі парафій, а таксама касцёльных рухаў і супольнасцяў неслі ў працэсіі свае харугвы.

Традыцыйныя працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якія ва ўсім свеце праходзяць на працягу актавы ўрачыстасці Божага Цела, з’яўляюцца выразам і сведчаннем веры ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі.

 

Абноўлена 04.06.2024 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа