24 мая Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Гродзенскай дыяцэзіі адзначыла 30-годдзе свайго існавання.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч скіраваў дабрачыннаму таварыству ў асобе яго дырэктара ксяндза Алега Пятрашкі віншаванне з нагоды гадавіны. Тэкст віншавання агучыў на ўрачыстасцях у Сапоцкіне, што непадалёк ад Гродна, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч.
У сваім слове біскуп перадусім нагадаў, што 30 гадоў таму, калі стваралася арганізацыя Caritas у Гродзенскай дыяцэзіі, гэтая касцёльная структура існавала толькі тры гады.
«Гэта быў час, калі з вялікімі намаганнямі, часта нібы навобмацак, часам інтуіцыйна, мы толькі пачыналі ствараць структуры мясцовага Касцёла. Не хапала ўсяго: досведу, матэрыяльных сродкаў, людзей, але быў вялікі энтузіязм, запал, каб працаваць, і радаснае ўсведамленне, што пасля многіх гадоў пераследу Каталіцкі Касцёл на нашых землях адраджаецца, пачынае жыць уласным жыццём, усё лепей і адважней спаўняе евангелізацыйную місію, даручаную яму Хрыстом», — адзначыў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Caritas — арганізацыя надзвычай важная і патрэбная, а яе сутнасцю і мэтай, як паказвае сама назва, з’яўляецца любоў: любоў дзейсная, канкрэтная, заснаваная на нясенні дапамогі людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе.
«Сёння, з перспектывы часу, мы можам ганарыцца, што амаль з самага пачатку свайго існавання наша дыяцэзія праз Caritas актыўна дапамагае тым жыхарам Гродзеншчыны, якія найслабейшыя і адчуваюць найбольшую патрэбу», — дадаў іерарх.
Біскуп заўважыў, што дзякуючы салідарнасці і шчодрасці шматлікіх партнёраў з нашай краіны і з замежжа, а таксама ахвярнасці і асабістаму ўдзелу працаўнікоў і валанцёраў, за вельмі кароткі час удалося прывесці ў рух эфектыўны механізм атрымання і размеркавання матэрыяльнай дапамогі, якая ўжо тры дзесяцігоддзі дасягае тых месцаў, дзе найбольш патрэбная і чаканая.
Іерарх пералічыў справы, якія здзяйсняе дабрачыннае таварыства: «Шчодрай і бескарыслівай дапамогай Caritas Гродна карыстаюцца дзеці і моладзь, людзі самотныя і пажылыя, хворыя і з абмежаванымі магчымасцямі, беспрацоўныя і бяздомныя; людзі, якія змагаюцца з залежнасцямі і з іншымі жыццёвымі цяжкасцямі. Дзякуючы наладжанаму супрацоўніцтву паміж арганізацыямі дапамога Caritas дасягае не толькі прыватных асобаў, але і ўстановаў, такіх, як шпіталі, хоспісы, дамы сацыяльнай апекі, інтэрнаты і дзіцячыя дамы.
Спяшаючыся з дапамогай да тых, хто ў патрэбе, Caritas не пытаецца ні ў каго са сваіх падапечных аб ягонай веры, спаўненні рэлігійных практык, канфесійнай ці рэлігійнай прыналежнасці. Кожны, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, можа разлічваць на разуменне, спачуванне і сардэчную, бескарыслівую, канкрэтную дапамогу».
Напрыканцы біскуп адзначыў: «Можам быць упэўненыя, што ў гродзенскай Caritas ніколі не будзе недахопу ў працы і ў людзях, якім патрэбна дапамога».
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў дабрачыннай арганізацыі, каб яна магла і надалей паспяхова падтрымліваць тых, хто знаходзіцца ў якойсьці патрэбе, у імя Хрыста, які для нас стаў бедным, каб узбагаціць нас сваім убоствам (пар. 2 Кар 8, 9).