З 23 па 25 мая ў Рыме праходзіць Міжнародны кангрэс па душпастырстве моладзі на тэму «Дзеля сінадальнага душпастырства моладзі: новыя стылі і стратэгіі лідэрства».
Кангрэс прысвечаны гадавіне публікацыі паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Папы Францішка Christus vivit і падрыхтоўцы наступных Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у Сеуле ў 2027 годзе. У форуме, арганізаваным Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і абароны жыцця, бяруць удзел каля 300 дэлегатаў ад Канферэнцый Біскупаў са 110-і краін свету, у тым ліку і з Беларусі.
Ад імя беларускага каталіцкага епіскапату ў кангрэсе ўдзельнічае ксёндз Раман Суша, які спецыялізуецца на ўсходнехрысціянскай тэалогіі сінадальнасці.
Міжнародны кангрэс прадугледжвае тры дні разважанняў над прапановамі адгартыцыі Папы Францішка Christus vivit, напісанай у форме ліста да моладзі. Кожную тэму напачатку прадстаўляе эксперт, пасля чаго адбываецца яе абмеркаванне ў тэматычных працоўных групах.
На Кангрэсе таксама ідзе гаворка пра Юбілей моладзі 2025 года, які пройдзе з 28 ліпеня па 3 жніўня.
З гэтай нагоды Святы Айцец запрашае моладзь з усяго свету ў Рым, заклікаючы юнакоў і дзяўчат быць «пілігрымамі надзеі».
Кангрэс завершыцца ў суботу 25 мая аўдыенцыяй удзельнікаў у Папы Францішка і сустрэчай з намеснікам сакратара Генеральнага сакратарыяту Сіноду сястрой Наталі Бэкар.