З 23 па 25 каля 300 дэлегатаў Канферэнцый Біскупаў са 110-і краін свету прыбудуць у Рым для ўдзелу ў Міжнародным кангрэсе на тэму «Дзеля сінадальнага душпастырства моладзі: новыя стылі і стратэгіі лідэрства».
Як паведаміла украінская рэдакцыя парталу Vatican News, трохдзённы міжнародны кангрэс, арганізаваны Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і абароны жыцця, стане для яго ўдзельнікаў магчымасцю абмеркаваць такія тэмы, як моладзевае лідэрства, сінадальнасць, фармацыя і духоўная падтрымка ў духу Апостальскай адгартацыі Christus vivit.
Гэтая падзея стане ключавым момантам у святкаванні пятай гадавіны з часу з’язлення гэтай Апостальскай адгартацыі Папы Францішка, напісанай у форме ліста да моладзі і апублікаванай пасля Сіноду, прысвечанаму моладзі, які праходзіў у 2018 годзе.
На працягу трох дзён удзельнікі міжнароднага кангрэса будуць абмяркоўваць фундаментальныя для душпастырства тэмы, закранутыя ў адгартацыі Christus vivit, у прыватнасці, гаворка пойдзе пра моладзевае лідэрства, сінадальнасць, фармацыю і духоўную падтрымку.
Першую сесію форуму на тэму «Ад СДМ Лісабон 2023 да СДМ Сеул 2027» адкрые кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і абароны жыцця.
Яшчэ адной важнай тэмай кангрэсу стане юбілейны Год моладзі, які пройдзе з 28 ліпеня па 3 жніўня 2025 года. Міжнародны кангрэс завершыцца ў суботу 25 мая дзвюмя важнымі падзеямі: раніцай з удзельнікамі мерапрыемства сустрэнецца Папа Францішак, а ў другой палове дня — намеснік сакратара Генеральнага сакратарыяту Сіноду сястра Наталі Бэкар.