Пошук

18.05.2024 10:24   Тэкст і фота: Соф’я Ананіч / Catholic.by

У маі вернікі многіх каталіцкіх парафій Беларусі актыўна пілігрымуюць па краіне і ахвотна дзеляцца ўражаннямі і набытым духоўным досведам з чытачамі Catholic.by.

Так, 13 мая, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Фацімскай, група вернікаў з парафіі святога Антонія Падуанскага ў Магілёве разам з адным з душпастыраў, ксяндзом Віталіем Чабатаром CMF, наведалі Гродна — горад з даўняй каталіцкай традыцыяй, дзе свой зямны шлях завяршыў святы каралевіч Казімір і пэўны час нёс служэнне святы Максімільян Кольбэ.

Вандроўку-пілігрымку здзейснілі цягніком, які спалучае ўсход і захад нашай краіны.

Наведванне Гродна распачалі з удзелу ў святой Імшы ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя, дзе таксама памаліліся перад цудадзейным абразом Маці Божай Кангрэгацкай, або Студэнцкай.

З катэдры скіраваліся ў пабрыгіцкі касцёл, дзе яго рэктар, ксёндз канонік Антоні Грэмза правёў цікавую экскурсію па ўнікальнай святыні і па сутарэннях пад ёю.

Магілёўцы наведалі і «сэрца» Касцёла ў Беларусі — Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю, дзе ўбачылі, як жывуць і вучацца будучыя святары.

Там пілігрымы з горада над Дняпром памаліліся ў самай старой каталіцкай святыні горада над Нёманам — касцёле Адшукання Святога Крыжа.

Перайшоўшы па мосце праз Нёман, памаліліся ў касцёле айцоў францішканаў, дзе ў міжваенны перыяд нёс служэнне святы Максіміліян Марыя Кольбе, які аддаў жыццё ў Асвенцыме, ратуючы сваёй ахвярай іншага вязня.

Вярнуўшыся ў цэнтр горада, пілігрымы з Магілёва наведалі Стары і Новы замкі, дзе адбываліся значныя падзеі гісторыі роднага краю.

Пабывалі таксама ў гродзенскай сінагозе — адной з найбольшых у Беларусі, і наведалі адну з найстаражытнейшых хрысціянскіх святыняў Бацькаўшчыны — Каложскую царкву, што ўжо амаль тысячу гадоў стаіць на стромым беразе Нёмана.

На заканчэнне вандроўкі-пілігрымкі наведалі яшчэ адну праваслаўную святыню — Пакроўскую царкву.

Поўныя уражанняў, пілігрымы тым самым цягніком вярнуліся дадому, у родны Магілёў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.