Сёння мы ўзгадваем вельмі важны момант. Гэта момант, калі Езус у апошні раз убачыў сваіх вучняў, а яны ў апошні раз убачылі Яго. Аднак гэтая падзея не напоўніла вучняў смуткам, тугой, як было тады, калі Хрыстус памёр; яна не прывяла да таго, што Яго вучні рассеяліся і вярнуліся да сваіх заняткаў, але — цалкам наадварот — напоўніла іх радасцю.
Потым вывеў іх аж да Бэтаніі і, падняўшы рукі свае, благаславіў іх. І, калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба.
Яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем, і былі ўвесь час у святыні, і праслаўлялі Бога (пар. Лк 24, 50–53).
Нам складана акрэсліць, дзе знаходзіцца неба. Мы маем розныя ўяўленні, розныя думкі пра неба. Няма сумнення ў адным: кожны чалавек жадае неба. Жадае яго так, як жадае шчасця, здароўя, радасці, супакою, прыязнасці, бяспекі, упэўненасці ў заўтрашнім дні…
Кожны сумуе па небе, бо кожны сумуе па лепшым жыцці, больш дасканалым, мудрым, больш напоўненым любоўю… Гэта — самая глыбокая туга чалавечай душы.
На неба не падымаюцца на ліфце. Туды проста ідуць крок за крокам. Перад тым, як туды трапіш, ты мусіш быць апляваны, высмеяны, ашуканы, пагарджаны і прыніжаны. Мусіш упасці так нізка, каб, урэшце, адштурхнуцца ад дна. Можа, і існуе шлях, высцелены ружамі, але ён поўны церняў.
Як жа дасягнуць неба?
Неба дасягаецца праз глыбокую веру, добрыя ўчынкі — праз ЛЮБОЎ! Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце мы цешымся сувяззю паміж небам і зямлёй.
Святы Аўгустын сказаў: Хрыстус уваходзіць на неба, няхай увойдзе з Ім і наша сэрца!
Калі чалавек адкрые Хрыста ў сваім жыцці, калі адкрые Хрыста перш за ўсё ў сабе, пойдзе праз свет заўсёды са шчасцем на твары. Бо ў жыцці кожнага з нас важна адкрыць Хрыста ў сваім сэрцы.
Унебаўшэсце — гэта рэчаіснасць, якую мы можам спазнаць ужо на зямлі. Калі мы перастанем глядзець у неба ўласных амбіцый, планаў і чаканняў, а пачнем з увагай глядзець вакол сябе, то, магчыма, нам удасца ўбачыць Хрыста ў іншым чалавеку. Тады ўнебаўшэсце хоць бы на хвіліну стане нашым удзелам.