Пошук

13.05.2024 16:16   Тэкст: Максім Ваўчок / Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

11 мая ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла сустрэча міністрантаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэча распачалася малітвай у семінарыйнай капліцы і ўступнай канферэнцыяй, у якой духоўны айцец семінарыі ксёндз Ян Сарэла разважаў аб жыцці міністранта ў сучасным свеце.

Святар нагадаў, што міністрант павінен сведчыць пра Бога не толькі ў касцёле, але і ў сваім асяроддзі.

Таксама духоўны айцец распавёў пра жыццё благаслаўлёнага Карло Акуціса. Ксёндз Ян нагадаў, што гэты благаслаўлёны падлетак вельмі шанаваў Эўхарыстыю і з’яўляецца добрым прыкладам для аднагодкаў.

Студэнт 5-а курса семінарыі Антон Тышко глыбей пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы з уступнымі абрадамі святой Імшы і Літургіяй слова. У практычнай частцы канферэнцыі міністранты даведаліся, як правільна рыхтавацца да Імшы і Літургіі слова, пасля чаго мелі магчымасць задаць пытанні.

Ксёндз Ян Сарэла і куратар прапедэўтычнага курса ксёндз Павел Скуба правялі экскурсію па будынку семінарыі, дзякуючы чаму міністранты маглі на ўласныя вочы ўбачыць, як выглядае вучоба і штодзённае жыццё семінарыстаў.

Ксёндз Павел распавёў удзельнікам сустрэчы пра цэнтральную частку Імшы — Эўхарыстычную літургію, пасля чаго таксама адбыліся практычныя заняткі.

Міністранты разам з семінарыстамі ўдзельнічалі ў Маёвым набажэнстве ў капліцы. Пасля набажэнства вікарый гродзенскай парафіі Святога Духа ксёндз Андрэй Юхнік падзяліўся сваім сведчаннем.

Потым адбылася віктарына для міністрантаў, у ходзе якой прадстаўнікі кожнай парафіі адказвалі на пытанні, якія датычыліся таго, пра што ішла гаворка на сустрэчы.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Гамілію прамовіў рэктар Міждыяцэзіяльнай семінарыі ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі.

Святар, між іншым, адзначыў у гаміліі, падчас якой вёў з міністрантамі дыялог, што слова «Эўхарыстыя» перакладаецца з грэчаскай мовы як «падзяка», і заахвоціў удзельнікаў сустрэчы ахвяраваць гэтую Імшу Богу як падзяку за атрыманыя ў сваім жыцці дары і ласкі.

Завяршылася дыяцэзіяльная сустрэча міністрантаў супольнай вячэрай.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця