Сёлета суполцы руху «Маці ў малітве», якая дзейнічае ў маладой парафіі святога Францішка Асізскага ў новым мікрараёне Мінска Новая Баравая, споўнілася 5 гадоў.
З гэтай нагоды ў нядзелю 14 красавіка ў касцёле віншавалі жанчын, удзельніц гэтага міжнароднага малітоўнага руху.
Рух «Маці ў малітве» прыйшоў у Беларусь у 2001 годзе. На працягу 23-х гадоў ён распаўсюдзіўся па многіх парафіях ва ўсіх дыяцэзіях нашай краіны.
Адказная за суполку руху ў парафіі святога Францішка Лілія Губіч распавяла:
«У нашай групе сем жанчын. Акрамя агульнай малітвы перад алтаром, мы абмяркоўваем балючыя пытанні, дзелімся навінамі, а яшчэ дапамагаем не толькі адна адной, але і іншым вернікам парафіі. Шмат хто з удзельніц займаецца дабрачыннасцю, даглядае асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, таксама калі ёсць патрэба дапаможам і на лецішчы. Але самае галоўнае — малітва. Калі тэрмінова камусьці патрэбна дапамога, мы збіраемся і молімся», — падкрэсліла жанчына.
Шчырыя словы адрасавала ўдзельніцам парафіяльнай суполкі «Маці ў малітве» каардынатар і пачынальніца руху ў Беларусі Людміла Губіна з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. «Пяць гадоў, здаецца, не так і многа, але гэта тэрмін, за які можна скончыць універсітэт. І вы, дарагія матулі, за гэтыя гады атрымалі атэстат даверу і любві да Бога, што вельмі шмат азначае», — адзначыла каардынатар руху.
З цёплымі словамі падзякі да «Маці ў малітве» звярнуўся пробаш парафіі брат Іван Садоўскі OFMCap. «Мы удзячны вам за клопат, які вы выказваеце аб парафіі, за вашу неабыякавасьць да людзей і за вашу падтрымку, любоў, дабрыню і пяшчоту.
Дзякуй вам за вашы малітвы, бо малітва маці мае асаблівую моц. Мы рады, што такая малітва ёсць сёння і ў нашай парафіі», — сказаў святар.
Паэтка Таццяна Цвірко прачытала верш, прысвечаны матулям, якія моляцца за сваіх дзетак, у якім, між іншым, ёсць такія радкі:
Маці моляцца… Не стамляюцца…
Ранкам сонечным, цёмным вечарам.
Ціха ўкленчыўшы, давяраюцца
Усемагутнаму Богу вечнаму!
<…>
Вы малітвамі, маці мілыя,
Наш касцёл пяць год напаўняеце,
Аздабляеце яго сілаю,
Дзетак Госпаду даручаеце.