
14 красавіка ў касцёле святой Барбары ў Віцебску прайшла сустрэча ўдзельніц руху «Маці ў малітве».
Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, сустрэча распачалася з адарацыі, падчас якой сабраныя маці памаліліся Ружанец, просячы Маці Божую аб заступніцтве і адкрытасці сэрца кожнай жанчыны на розныя дары гэтай сустрэчы. Потым адбылася святая Імша, якую цэлебраваў айцец Віталій Сапега OP.

Пасля Імшы суполка «Маці ў малітве» з парафіі святога Антонія ў Віцебску прадставіла невялікую сцэнку пра жыццёвы лёс, сведчанне веры некаторых жанчын, а айцец Віталій прамовіў канферэнцыю пра асаблівае заданне жанчын, па заканчэнні якой супольнасць сабралася ў кола для малітвы.
У цэнтры кола знаходзіліся фігурка Марыі, Слова Божае і свечка, якую запалілі напачатку. Маці чыталі заступніцкую малітву за дзяцей, свет, атачэнне і за сваю супольнасць.
Пасля кароткай малітвы заспявалі Велікодны спеў і прачыталі ўрывак з Евангелля, над якім пазней разважалі. Пры гэтым кожная з удзельніц магла выказаць тое, што ёй адкрылася з Божага слова, пасля чаго малітва працягнулася. Маці памаліліся таямніцу Ружанца і падзякавалі Богу за сваё пакліканне.

Напрыканцы сустрэчы да ўдзельніц звярнуўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. «У малітве трэба заўсёды памятаць, што ёсць Божая воля, і яе не трэба баяцца. Гэта тое, што добра разумела Божая Маці; тое, чаму мы хочам ад Яе навучыцца. Бог не можа даць чалавеку чагосьці дрэннага.
У жыцці могуць быць выпрабаванні, але мы павінны разумець, што ў гэтым ёсць схаваны сэнс. Бог глядзіць на нашае жыццё з іншай перспектывы, перш за ўсё маючы на ўвазе духоўнае дабро», — падкрэсліў іерарх, пажадаўшы жанчынам быць адкрытымі на Божую волю.
«Будзем вучыцца ў Божай Маці захоўваць у сэрцы тое, што бачым і чуем», — заахвоціў біскуп Алег Буткевіч ўдзельніц руху «Маці ў малітве».





















