Пошук

08.04.2024 10:41   Тэкст: Ганна Бычынская / Фота: Ганна Куніцкая / Catholic.by

Падчас актавы Пасхі, гэта значыць на працягу тыдня пасля Вялікадня, які сёлета католікі святкавалі 31 сакавіка, валанцёры суполкі Caritas парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) наведалі Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, а таксама Стаўбцоўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Каб падзяліцца радасцю Уваскрасення Хрыстова, парафіянкі вырашылі пачаставаць усіх насельнікаў дома-інтэрната пасхальнай выпечкай і цукеркамі, павіншаваць католікаў, якія там знаходзяцца, з Вялікаднем.

Для выканання задуманага валанцёры папрасілі дапамогі ў знаёмых кандытараў, якія спяклі на замову 300 пасхальных кулічоў.

Большую іх частку разам з цукеркамі адвезлі ў дом-інтэрнат.

Дарэчы, перад святам у доме-інтэрнаце пабывалі легіянеры Марыі з мэтай апостальскай працы. Ад пробашча парафіі ксяндза каноніка Ігара Лашука яны атрымалі заданне паразмаўляць з католікамі, прапанаваць ім паспавядацца. У выніку восем чалавек прыступілі да велікоднай споведзі. Ксёндз Ігар прапанаваў падрыхтаваць гэтым людзям кошычкі з асвячонай ежай, чырвонымі яйкамі і вербачкамі, каб і для іх Вялікдзень стаў сапраўдным святам.

Не засталіся без увагі і дзеці-католікі, якія наведваюць карэкцыйны цэнтр: перад святам ксёндз Ігар удзяліў ім намашчэнне хворых.

Валанцёры ж для дзяцей з цэнтра сабралі пакецікі з цукеркамі і кулічыкамі, змайстравалі файныя кошыкі для чырвоных яек. Атрымалася ярка і прыгожа. Вельмі хацелася зрабіць прыемнае дзеткам, у якіх няпросты лёс, і хоць на нейкі час убачыць усмешку на іх тварыках і радасць у вачах.

Загадчыца цэнтра Святлана Сікорская сказала, што калі хтосьці з дзетак убачыў у вакно жанчын са скрынкамі, то закрычаў ад радасці: «Касцёл ідзе!»

Кіраўніца ўстановы запрашала парафіянаў часцей наведваць дзяцей, каб яны мелі стасункі з рознымі людзьмі, маглі на нейкую хвіліну адарвацца ад сваіх праблем, адчуць чалавечую неабыякавасць да сябе.

Валанцёры са стаўбцоўскай парафіі шчыра жадаюць, каб свята Уваскрасення Хрыстова прынесла ўсім надзею на лепшае, стала праменьчыкам святла для кожнай сям’і і для кожнага з нас.

 

Абноўлена 08.04.2024 10:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця