19 гадоў таму, 2 красавіка 2005 года, ва ўзросце 84-х гадоў адышоў у дом Нябеснага Айца Папа Ян Павел ІІ.
Кракаўскі арцыбіскуп кардынал Караль Юзаф Вайтыла быў абраны на пасад святога Пятра 16 кастрычніка 1978 года, стаўшы першым у гісторыі Касцёла Папам польскага паходжання. 13 мая 1981 года на яго быў здзейснены замах, у выніку якога Святы Айцец быў цяжка паранены.
Пасля яго смерці ў 2005 годзе на пахаванні, якое праходзіла 8 красавіка ў Рыме, многія трымалі ў руках транспаранты з надпісам на італьянскай мове Santo subito — «Ужо святы».
Беатыфікацыя Яна Паўла ІІ адбылася 1 мая 2011 года, а 27 красавіка 2014 года ён быў урачыста абвешчаны святым, што стала самай хуткай кананізацыяй у сучаснай гісторыі Касцёла.
Праз сем гадоў пасля адыходу ў дом Нябеснага Айца рэліквіі тады яшчэ благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ былі ўрачыста ўнесены Гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам у першую ў Беларусі парафію яго імя ў Смаргоні. Дэкрэт аб заснаванні парафіі быў выдадзены 17 лістапада 2012 года, а праз восем месяцаў біскуп Кашкевіч пасвяціў новапабудаваную капліцу. Побач з капліцай намаганнямі мясцовых вернікаў пад кіраўніцтвам іх пробашча, ксяндза Яўгена Учкуроніса, ўжо некалькі гадоў будуецца вялікі касцёл.
Як паведаміў святар Catholic.by, у сёлетнім будаўнічым сезоне плануецца завяршыць узвядзенне перыметра касцёла, які будзе вянчаць вежа вышынёй амаль у 40 метраў. Велічная святыня ў гонар святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні стане ўвасабленнем жадання Вялікага Папы наведаць нашу краіну, якому пры яго жыцці не было наканавана здзейсніцца.
Ян Павел II для вернікаў маладой парафіяльнай супольнасці не толькі вялікі святы, але дарагі і блізкі чалавек, а некаторым з іх нават пашчасціла ўбачыць яго пры жыцці. Ксёндз Яўген, будучы семінарыстам, у 1999 годзе таксама меў магчымасць быць на сустрэчы са Святым Айцом Янам Паўлам II, калі той наведваў польскі горад Элк. Малады клерык перажыў тады неверагоднае ўражанне, адчуў вялікія Божыя ласкі, якімі Бог адарыў яго праз малітву і благаслаўленне тагачаснага Папы.
«Святы нашых часоў Ян Павел II даў нам усім прыклад мужнай і глыбокай веры, а таксама прыклад вялікай святасці, — сказаў ксёндз Яўген Учкуроніс у размове з журналісткай часопіса «Ave Maria». — Гэта быў чалавек малітвы, і многіх людзей уражвала, што пасля напружанага працоўнага дня ён ішоў не на адпачынак, а да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, каб падзякаваць Яму і паразмаўляць з Ім».
Ксёндз Яўген удзячны Богу за магчымасць служыць у парафіі святога Яна Паўла II і адчуваць дапамогу гэтага апекуна. Вернікі ж у сваю чаргу таксама дзякуюць Пану Богу за свайго пробашча, які стаў для іх не проста пастырам, але сапраўдным айцом.
Людзі расказвалі, што калі ксёндз Яўген прыйшоў служыць у парафію, ён знаёміўся асабіста з кожным вернікам, а гэта некалькі тысяч чалавек. Мае святар дар ад Бога працаваць не толькі з дарослымі, але і з дзецьмі, і з моладдзю. Арганізоўвае розныя цікавыя мерапрыемствы, конкурсы, паездкі. У парафіі з’явіліся тры хоры — дзіцячы, моладзевы і дарослы, і называюцца ўсе яны «Барка». Быў абсталяваны будынак, дзе праводзяцца заняткі па рэлігіі, а таксама на свае сустрэчы збіраюцца розныя супольнасці, сярод якіх «Легіён Марыі», «Маці ў малітве», «Маргарыткі», Біблійная група.