Пошук

30.03.2024 14:50   pcd.by / Catholic.by

Віншаванні з Вялікаднем кіруе духавенству, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам Пінскай дыяцэзіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Велікоднае віншаванне
біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз Уваскрасенне Езуса Хрыста (1 П 1, 3).

Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Езусе Хрысце, людзі добрай волі!

З нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Хрыста складаю сардэчныя пасхальныя віншаванні. Калі ў велікодную раніцу жанчыны стаялі каля пустой грабніцы Божага Сына, яны пачулі словы, якія ўзмацнілі іх веру: «Не бойцеся!» А таксама пачулі заклік і заданне: «Ідзіце хутчэй і абвясціце вучням» (Мц 28, 5–7). Гэты пасхальны досвед становіцца таксама нашым асаблівым удзелам падчас кожнага святкавання Вялікадня.

Няхай перажыванне таямніцы Змёртвыхпаўстання Хрыста напоўніць нашае жыццё энтузіязмам і радасцю ў рэалізацыі пастаўленых мэт і штодзённых заданняў, насычаных падтрымліваючай прысутнасцю Збавіцеля, які для нас прайшоў праз смерць і аб’явіў трыумф жыцця.

Радуючыся Уваскрасенню Божага Сына, жадаем быць сведкамі Яго перамогі над смерцю, грахом і ўсялякімі моцамі зла. Няхай святкаванне Яго паўстання з мёртвых напоўніць нашыя сэрцы радаснай надзеяй, якая выплывае з досведу велікоднай раніцы і факта пустой грабніцы. Няхай у гэты час, у які Божы Провід дазволіў нам жыць, асабліва ў цяжкія хвіліны, у нашых сэрцах гучаць словы суцяшэння святога апостала Паўла: «Калі толькі мы церпім разам з Хрыстом, каб разам з Ім і ўславіцца» (Рым 8, 17).

Перажываючы радасць Пасхі Божага Сына, жадаю, каб святло Яго Перамогі не пераставала напаўняць нашую штодзённасць досведам Яго пасхальнага благаслаўлення. Няхай Езус, які прыходзіць да нас са збавенным дарам новага жыцця, дадае сіл і надзеі перад абліччам разнастайных выклікаў.

Напоўненыя велікодным энтузіязмам веры, абвяшчайма сваім жыццём хвалу і любоў Бога, які не перастае адорваць нас сваёй міласэрнасцю.

Няхай поўнае радасці і надзеі «Аллелюя!» няспынна спадарожнічае нам і напаўняе сапраўдным спакоем.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!

Антоні Дзям’янка
біскуп Пінскі

Пінск, Вялікдзень 2024 г.

Абноўлена 30.03.2024 14:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця