Пошук

28.03.2024 16:27   Тэкст: Лаліта Арлоўская / Фота: Марына Сінкевіч, Леанід Юрык / Catholicnews.by

27 сакавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы Хрызма, падчас якой святары аднавілі свае абяцанні, а таксама адбылося благаслаўленне алею хворых і кансэкрацыя алею Хрызма.

Як паведамляецца на партале Catholicnews.by, біскуп маліўся ў інтэнцыі ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, просячы аб ласцы еднасці і вытрываласці, асабліва для святароў.

У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуў увагу на словы Хрыста: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі» (Лк 4, 21). Гэтыя словы кажуць пра намашчэнне і пасланніцтва Езуса: «Абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім <…> вызваленне палонным, сляпым вяртаць зрок, выпусціць спакутаваных на свабоду» (Лк 4, 18).

«Сучасныя экзэгеты падкрэсліваюць — адзначыў біскуп, — што Езус сам выбраў гэтае чытанне, бо ў гэтых словах Ён бачыў сваю ідэнтычнасть, тоеснасць, сваё пакліканне. І ў гэтых словах таксама заключана заданне, якое Езус усклаў на сваіх апосталаў, якое і сёння ўскладае на сваіх святароў», — сцвердзіў біскуп Буткевіч.

Ён нагадаў, што сёння святары адновяць свае абяцанні, і заахвоціў іх усвядоміць, наколькі шчыра яны прамовяць гэтыя словы. «З часам запал „першай Любові“ пачынае астываць, таму мы павінны клапаціцца, каб не страціць яго.

Як кажа Езус Хрыстус: „соль, якая страчвае свой смак, ні на што не прыдатная, толькі выкінуць яе на патаптанне людзям“. А калі свой „смак“ страчвае святар, ён замест таго, каб весці чалавека да Бога, адштурхоўвае яго, таму лепш было б такому святару не нарадзіцца», — перафразаваў евангельскі тэкст пастыр Віцебскай дыяцэзіі.

«Вялікім святлом, якое паказала сутнасць святарства, быў Другі Ватыканскі сабор. Ён, між іншым кажа, што сутнасцю святарства з’яўляецца ўвасабленне самога Хрыста і дзейнасць у Яго асобе, дзе Хрыстус з’яўляецца жывой рэчаіснасцю. Не святар прамаўляе словы кансэкрацыі ці разграшэння: праз яго прамаўляе сам Езус Хрыстус.

Але Хрыстус нікуды не знікае і па-за сакрамэнтамі: святар заўсёды застаецца Яго ўвасабленнем, Яго прыладай, Яго вобразам. Можна сказаць, што тоеснасць святара — з’яўляцца Хрыстом.

Найчасцей гэтыя рэчы здаюцца нам занадта містычнымі і замест таго, каб паглыбляцца ў таямніцы, мы саступаем. У гэтым барацьба кожнага святара: станавіцца меншым на карысць Хрыста, які павінен узрастаць. Каб перамагчы, мы ў гэтым патрабуем дапамогі і сваёй уласнай напружанай працы па вяртанні, адкрыцці ў сабе гэтага Божага дару, і малітвы Касцёла. І ў гэтым змаганні ўсё ж мы павінны перамагчы, інакш быць не можа», — сцвердзіў іерарх.

Паводле яго, святар дадзены гэтаму свету, каб чалавек памятаў, што жыццё не абмяжоўваецца толькі клопатам пра фізічны дабрабыт; што існуе яшчэ і духоўны свет. «Таму сёння мы павінны яшчэ раз адчуць адказнасць за словы Хрыста, якія спаўняюцца ў нас: „Дух Пана на Мне, Ён намасціў Мяне“», — звярнуўся да святароў біскуп.

Пасля гаміліі святары ўрачыста аднавілі свае абяцанні, зноў выказаўшы жаданне несці Хрыста іншым, а біскуп звярнуўся да свецкіх вернікаў з заахвотаю да малітвы за святароў. Таксама падчас святой Імшы адбылося благаслаўленне алею хворых і кансэкрацыя Хрызма.

Напрыканцы святой Імшы біскуп падзякаваў усім прысутным і нагадаў, што касцёл Езуса Міласэрнага сёлета з’яўляецца юбілейнай святыняй з нагоды 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі, таму кожны з прысутных можа атрымаць адпуст, памаліўшыся ў інтэнцыях Святога Айца.

Пасля гэтага сёстры законныя павіншавалі біскупа і прысутных святароў, прамовіўшы малітву «Ойча наш» з асаблівымі каментарамі да кожнага з заклікаў. Таксама кожны святар атрымаў у падарунак белую ружу: сімвал апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.

 

Абноўлена 28.03.2024 17:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.