Семінар прайшоў 20-21 красавіка ў Ляскоўцы пад Мінскам і быў арганізаваны «Дабрачынным каталіцкім таварыствам Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сумесна з Мальтыйскай службай дапамогі.
46 чалавек з розных куткоў Беларусі сталі ўдзельнікамі воркшопу на тэму «Камунікацыя, арганізацыя і структура прафесійных супольнасцяў; дыягностыка кліентаў са складаным дыягназам (дзяцей, якія пакутуюць на аўтызм)».
У якасці экспертаў на семінары выступілі псіхолагі і кансультанты па тэме аўтызму з Германіі Марціна Штайнхаўс, Утэ і Крысціна Хагехюльсман.
Тэма аўтызму ў Беларусі
Паводле слоў дырэктара «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі а. Андрэя Жылевіча OFM Cap, праблема аўтызму і яго ўспрымання ў грамадстве дастаткова новая для Беларусі — спецыялістаў у гэтай сферы не так і шмат.
Злева направа: псіхолаг Крысціна Хагехюльсман, бр. Андрэй Жылевіч OFM Cap, тэрапеўт Марціна Штайнхаўз, кіраўнік аддзела замежжа Мальтыйскай службы дапамогі Міхаэль Дэмен, псіхолаг Утэ Хагехюльсман
«Гэта чацвёрты семінар на тэму аўтызму, які арганізоўваецца на базе “Карытас”, — адзначыў капуцын. — Гэтым разам у ім прымалі ўдзел псіхолагі, медыкі і педагогі. Першы воркшоп некалькі гадоў таму праходзіў па ініцыятыве бацькоў такіх дзяцей. Эфекты ад тых сустрэч ужо бачныя: людзі ўсведамляюць, што яны не адны сутыкаюцца з аўтызмам, ведаюць, як з ім працаваць».
Тэрапеўт па пытаннях аўтызму Марціна Штайнхаўз кансультуе беларусаў не ўпершыню. Жанчына прызнаецца, што дастаткова часта выступае з семінарамі ў краінах Паўднёвай і Усходняй Еўропы.
«Мяне радуе, што ўдзельнікі семінара ў Мінску былі вельмі “жывой” групай — задавалі шмат пытанняў, былі матываванымі і ініцыятыўнымі, — зазначае эксперт. — Яны з вялікай зацікаўленасцю слухалі, як праца з дзецьмі-аўтыстамі арганізавана ў Заходняй Еўропе».
Марціна Штайнхаўз дадае, што асноўнымі цэнтрамі тэрапіі аўтыстаў з’яўляюцца Скандынавія, Вялікабрытанія і ЗША.
«У цэлым тэндэнцыя сёння такая, што стандарты тэрапіі развіваюцца ў кааперацыі спецыялістаў з розных краін. Паступова яны адыходзяць ад прынцыпа “сам сабе эксперт”, надаючы значэнне міжнароднаму супрацоўніцтву».
Што такое трансакцыйны аналіз у тэрапіі?
Псіхолаг Утэ Хагехюльсман, якая разам з дачкой Крысцінай выступае экспертам у прымяненні трансакцыйнага аналізу ў тэрапіі людзей, хворых на аўтызм, адзначае геаграфічны фактар у падобнай тэрапіі.
«Усходняя Еўропа, у якую ўваходзіць таксама і Беларусь, мае свае асаблівасці ў навуковым дыскурсе. Як і Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка, краіны Усходняй Еўропы дастаткова падрабязна вывучалі тэрапію як навуку. Але ў адрозненні ад заходніх краін трансакцыйны аналіз у тэрапіі тут распрацоўваўся не так шырока. Адсюль і розніца ў падыходзе да працы ў нашы дні», — дадае псіхолаг.
Крысціна Хагехюльсман лічыць, што, нягледзячы на адрозненні, ва Усходняй Еўропе паступова ўсё ж з’яўляюцца свае спецыялісты ў гэтай тэме:
«Трансакцыйны аналіз (ТА) — псіхалагічная мадэль, якая служыць для апісання і аналізу паводзін чалавека як індывідуальна, так і ў складзе груп. Гэта вельмі шырокая мадэль у практыцы, якая дае шмат магчымасцяў. Папулярную сёння тэорыю ў сярэдзіне 20-х гадоў ХХ ст. распрацаваў амерыканскі псіхіятр Эрык Бёрн. Ключавы момант такога аналізу — у псіхааналізе».
Семінар на тэму аўтызму — не першы сумесны праект Мальтыйскай службы дапамогі і «Карытас» у Беларусі. Сярод сумесных ініцыятыў, рэалізаваных падчас 10-гадовага супрацоўніцтва, — семінар «Мабільныя службы» (дагляд за пажылымі, асновы валанцёрства), праект «Геном» (падтрымка дзяцей з захворваннямі) і г.д.