Пошук

22.03.2024 11:40   Тэкст: с. Яна Аляксеева CSSH / Фота: удзельніц сустрхэчы / Catholic.by

21 сакавіка ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы адбыўся дзень засяроджання для сясцёр розных манаскіх супольнасцяў, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Удзел у велікапоснай сустрэчы манскіх асобаў узяў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Дзень засяроджання распачаўся з аскетычнай канферэнцыі на тэму «Клопат і будаванне адносінаў», якую падрыхтаваў старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі ксёндз Анджэй Юхневіч OMI. Святар закрануў вельмі важныя аспекты адносінаў: адносіны з Богам, з самім сабой, з бліжнімі і адносіны да місіі.

«Наша місія — гэта дайсці да Неба, быць з Езусам у Небе. Важна памятаць пра гэта, калі выконваеце свае заданні як катэхеткі ці сакрыстыянкі», — падкрэсліў законнік з супольнасці місіянераў аблатаў. Напрыканцы канферэнцыі святар заахвоціў сясцёр глыбей паразважаць над пытаннямі будавання адносінаў, якія падрыхтаваў на асобных картках.

Пасля канферэнцыі сёстры мелі час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў капліцы вячыстай адарацыі, а таксама мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі.

Апоўдні адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які шчыра прывітаў удзельніц дня засяроджання.

З іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі яго асабісты сакратар ксёндз канонік Юрый Ясевіч, ксёндз Анджэй Юхневіч OMI і францішканін з супольнасці ў Івянцы айцец Павел Раманчук OFMConv. У прамоўленай гаміліі ксёндз Анджэй падкрэсліў, што падобна да таго, як Езус Хрыстус не быў прыняты юдэямі, якія «схапілі камяні, каб кінуць ў Яго» (пар. Ян 8, 59), так і мы не заўсёды будзем прынятыя іншымі людзьмі, калі будзем выконваць сваю місію.

На заканчэнне дня засяроджання адбыўся агульны сход удзельніц, на якім былі абмеркаваныя арганізацыйныя пытанні і далейшыя планы.

Сёстры вельмі ўдзячныя арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, ксяндзу Анджэю Юхневічу OMI, айцу Паўлу Раманчуку OFMConv і ўсім айцам францішканам, а таксама сёстрам назарэтанкам, якія нясуць служэнне ў Івянцы, і ўсёй тутэйшай парафіяльнай супольнасці за арганізацыю дня засяроджання, за адкрытасць і гасціннасць. Удзельніцы спадзяюцца на тое, што гэтая сустрэча прынясе багаты плён як у іх асабістым жыцці, так і ў жыцці іх манаскіх супольнасцяў.

Абноўлена 22.03.2024 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця