Апоўдні 13 сакавіка Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.
У Эўхарыстыі з нагоды 11-й гадавіны абрання Папы Францішка на пасад святога Пятра ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, канонікі Мінскага катэдральнага капітула, іншыя святары і вернікі.
На заканчэнне цэлебрацыі, якая трансліравалася ў прамым эфіры на партале Catholic.by, перад тым, як удзяліць усім прысутным апостальскае благаслаўленне, прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне падзяліўся дэталямі сваёй апошняй размовы са Святым Айцом. Прамаўляючы экспромтам, нунцый Ёзіч напачатку адзначыў, што раз на год усе нунцыі павінны наведаць Святы Пасад, дзе Папа прымае іх на аўдыенцыі. Таксама і ён летась наведаў Ватыкан, дзе сустрэўся з Папам Францішкам.
«Папа чакаў, і, як заўжды, і раней таксама, пытаецца: „А як Беларусь?“ — „Добра, Святы Ойча“. Ён сказаў: „А як было ў Будславе?“ Нават памятае санкутарый наш тут, у Будславе. „Як прайшоў візіт кардынала Гуджэроцці?“ І далей пытаецца пра адну жанчыну, Ядзвігу, хоць я яе не ведаю.
Але хачу сказаць, што Папа займаецца кожнай краінай і ў курсе, што адбываецца тут. Мы размаўлялі таксама пра працу, і напрыканцы ён сказаў:
„Дарагі браце, гэта маленькая краіна, але яе народ пакутаваў шмат у гісторыі. Дзякуючы бабулям, бацькам, продкам, дзядам і прадзедам яны захавалі веру, і гэтая вера да гэтага часу існуе і выяўляецца ў служэнні. Скажыце ўсім: і ўладам, і народу, вернікам, што Папа за іх моліцца і, калі ласка папрасіце <…>: не забывайцеся маліцца за мяне. Мне патрэбная дапамога, падтрымка ў гэтым нялёгкім служэнні. Таму ў гэты дзень, хоць мы „маленькі статак“ — тут мала людзей, — але мы ўсе ў адзінстве з Папам Францішкам сёння, і няхай нашая малітва будзе яму падтрымкай у гэты няпросты час, і ў гэтым узросце каб ён мог працягваць сваю місію для дабра ўсяго нашага Касцёла і кожнага народа, у тым ліку і нашага народа тут, у Беларусі», — сказаў нунцый Антэ Ёзіч, пасля чаго разам з біскупамі ўдзяліў прысутным апостальскае благаслаўленне.