Віцебск, 13 сакавіка 2024 г.
Ваша Святасць,
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі прыміце віншаванне з 11-й гадавінай Вашага абрання 266-м наступнікам святога апостала Пятра.
Ваша служэнне на Пятровым пасадзе дапамагае ўсім людзям зразумець, што Хрыстус любіць кожнага чалавека і не жадае смерці грэшніка, але «каб грэшнік адвярнуўся ад шляху свайго і жыў» (пар. Эзх 33, 11). Пад Вашым кіраўніцтвам Касцёл з міласэрнасцю і дабрынёй клапоціцца пра хворых і патрабуючых.
Гледзячы на Вашу адданасць Хрыстоваму статку, Вашы малітвы і нястомную працу, успамінаюцца словы з Паслання да Габрэяў: «Такі і павінен быць у нас першасвятар: святы, нявінны, беззаганны, адлучаны ад грэшнікаў…» (пар Гбр 7, 26). Вы ўсім нам даеце прыклад трываласці ў веры, адданасці Богу і сапраўднай хрысціянскай міласэрнасці да тых, хто яшчэ сваім сэрцам не спазнаў Хрыста.
Ваша Святасць, у гэты святочны дзень дазвольце пажадаць Вам добрага здароўя і духоўных сіл, неабходных у Вашай Апостальскай паслузе.
З малітвай,
✠Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі