Пошук

11.03.2024 09:36   Тэкст: Наталля Лаўрэнка / Фота: с. Марыя Мінютка / Catholic.by

8 сакавіка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Дабрачыннай місіі Добрага Самараніна па ініцыятыве Катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбыўся практычны курс павышэння кваліфікацыі для катэхетаў архідыяцэзіі.

Сустрэча распачалася святой Імшой, якую цэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і ксёндз канонік Францішак Рудзь.

У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі, кіраўнік Катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прапанаваў удзельнікам курса адказаць на важнае пытанне: «Кім ёсць Хрыстус у маім жыцці?»

Каб дапамагчы прысутным у пошуку адказу, іерарх распавёў пра факт, які адбыўся ў 1955 годзе ў малым тэатры ў Мілане, дзе была паказана пастаноўка драмы Дыего Фабры «Працэс Езуса», што на працягу кароткага часу выйшла на сцэны вядомых тэатраў па ўсім свеце. Галоўная ініцыятыва пастаноўкі сыходзіла ад групы юдэяў, якія пасля Другой сусветнай вайны сабраліся, каб, вандруючы ад аднаго горада да другога, паказваць людзям працэс Езуса і такім чынам пераканацца, ці Ён быў асуджаны справядліва, ці не.

«Наша служэнне як катэхетаў патрабуе сапраўднай і шчырай любові да Бога. Без яе наша рэлігійнасць павярхоўная, і яна можа разляцецца ў адзін момант. Без любові да Бога нічога не адбываецца: без яе ўсе нашыя ахвяры, традыцыі, малітвы, пасты, нават выкладанне рэлігіі становяцца пустымі.

Сучасны свет і чалавек у ім, патрабуе нястомнага сведчання што толькі Хрыстус — сапраўдны Сын Божы, Збаўца і Міласэрны Бог», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

На тэарэтычнай частцы курса, якую правяла сястра ўршулянка Марыя Мінютка, катэхеты змаглі перанесціся не толькі ў сваё дзяцінства і ўзяць удзел у катэхезе для 2-а класа, але і перажылі асноўныя падзеі Пасхальнага Трыдуума. Яны яскрава ўбачылі, як Езус збірае апосталаў на Апошнюю Вячэру, як з любоўю абмывае ім ногі, ачышчаючы ад грахоў, як устанаўлівае сакрамэнт Эўхарыстыі, прадказвае здраду Юды, моліцца ў Аліўным садзе…

Потым удзельнікі перажылі драму Вялікай пятніцы, дакрануўшыся да галінкі з шыпамі, адчуўшы пах воцату, убачыўшы велізарныя цвікі і ўкрыжаванага Збаўцу.

Сястра Марыя нагадала таксама і пра настрой Вялікай суботы, сімваламі якой у катэхезе можна выкарыстаць цяжкі камень і духмяныя зёлкі. Яна зазначыла, што дзецям неабходна растлумачыць, што асаблівасцю гэтага дня з’яўляецца цішыня, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўнутраная суцішанасць. Гэтая цішыня і задуменнасць дапамагае больш глыбокаму перажыванню велікоднага настрою — асаблівай радасці, якая дае нам надзею, бо Хрыстус уваскрос, Ён перамог смерць.

Сястра салезіянка Дар’я Еўтухоўская, асвятляючы тэму «Гульні як элемент катэхезы», пазнаёміла з шэрагам цікавых гульняў, якія насамрэч маюць вельмі глыбокі выхаваўчы сэнс. Удзельнікі праверылі на сабе гульні «Будоўля», «Каб усе былі адно», «Пастыр і авечкі», «Радыёхваля», «Пачуй голас», «Рука, якая кіруе», «Бінокль», «Будзь уважлівы», «Курыны футбол». Катэхеты таксама пазнаёміліся з гульнямі, якія дапамагаюць паглыбіцца ў тэму катэхезы: «Асацыяцыі», «Пантаміма», «Што або хто гэта», «Знайдзі пару», «Свая гульня». Успомнілі таксама і гульні, якія дапамагаюць замацаваць тэму катэхезы: «Апытанкі» ў розных формах, віктарыны, «Воблака словаў», «Таямнічы адказ», разгледзелі гульні для сямейных катэхез.

Здавалася, што пасля такіх дынамічных, эмацыйна насычаных заняткаў сілы ў прысутных ужо скончыліся. Але гэта толькі здавалася…

Пасля вячэры катэхетаў чакала яшчэ адна «цікавостка»: лялечны тэатр у катэхезе. Рэжысёр Людміла Скітовіч не толькі прадэманстравала прынцып дзеяння тэатру ценяў, але і навучыла выкладчыкаў катэхезы, як зрабіць сцэну, а таксама правяла майстар-клас па стварэнні лялек і прылад для гэтага тэатру. Людміла Скітовіч паказала таксама, як зрабіць пальчаткавыя лялькі для лялечнага тэатра.

Арганізатары курса спадзяюцца, што ўсе ўдзельнікі вернуцца ў свае супольнасці ўзбагачаныя новымі ведамі, з натхненнем і вялікім жаданнем несці сведчанне пра Хрыста сваім вучням.

 

Абноўлена 11.03.2024 09:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа