Пошук


9 красавіка, у Пальмовую нядзелю, па вуліцы Віцебска, на якой знаходзіцца катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага, разносіўся радасны вокліч: «Гасанна Сыну Давіда!»

У шостую нядзелю Вялікага посту, якая носіць назву Пальмовай нядзелі або Нядзелі Мукі Пана, узгадваецца ўрачысты ўваход Езуса у Ерузалем, калі габрэі радасна віталі Яго пальмовымі галінкамі. У нашай традыцыі ў гэты дзень вернікі прыносяць у касцёл прыгожа аздобленыя галінкі вербаў — сімвал жыцця, якое адраджаецца.

Літургія распачалася з асвячэння вербных галінак, пасля чаго вернікі прайшлі ў працэсіі навокал касцёла, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч разам са святарамі, якія служаць у віцебскай катэдры.

У гаміліі біскуп Алег Буткевіч засяродзіўся на урыўку з Евангелля, дзе натоўп з энтузіязмам вітае Езуса, які ўязджае ў Ерузалем. Іерарх нагадаў, што габрэі, якія чакалі абяцанага Месію і ўжо ведалі Езуса Хрыста па Яго дзейнасці, убачылі у Ім таго кандыдата, які вызваліць габрэйскі народ з трагічнай няволі. Біскуп звярнуў увагу на трагічны момант гэтага эпізоду: тыя, хто з энтузіязмам вітаў Езуса, праз кароткі час будуць патрабаваць Ягонай смерці.

«Гэтыя людзі чакалі караля, і Ён быў гэтым Каралём. Яны чакалі ад Яго пераменаў жыцця, і Ён нёс ім гэтыя перамены. І нават тое, што Езус ехаў на асляняці, было выразным знакам таго, што Ён з’яўляецца Каралём супакою», — адзначыў біскуп Алег Буткевіч. Аднак трагедыя заключалася ў тым, што «гэтыя людзі чакалі ад Езуса знешніх перамен — улады, рэжыму, спадзяваліся, што вось прыйдзе Ён і дасць ім шчасце». «Адсюль гэты вялікі энтузіязм, — працягваў іерарх. — І толькі Езус ведаў, што Ён уваходзіць у Ерузалем, каб прыняць бой, каб змагацца за збаўленне чалавека, ахвяруючы сваё жыццё».

«Езус прыносіць выратаванне, збаўленне, але разам з тым і барацьбу, якая адбываецца і па сённяшні дзень — у сэрцы чалавека, — нагадаў біскуп Віцебскі. — І сёння мы чакаем таго, хто прынясе нам лепшае жыццё... Але няма такога чалавека, хто мог бы перамяніць абставіны і зрабіць нас шчаслівымі. Шчасце і свабода распачынаюцца ў сэрцы чалавека».

Таксама іерарх нагадаў, што «сапраўдную свабоду дае толькі вера, і чалавек памыляецца, калі сваё канчатковае шчасце шукае ў гэтым свеце».

«Чалавек, шукаючы шчасце толькі для сябе, адкідваючы і пагарджаючы іншымі, спрабуе будаваць вавілонскую вежу... Але на гэтым шляху мы ніколі не зможам знайсці шчасця і супакою, больш таго, мы можам размінуцца з прапанаванай нам Богам вечнасцю», — падкрэсліў біскуп Алег.

«Шукаючы шчасця ў гэтым свеце, мы павінны абапірацца на Божую ласку. І тады вярба, якую мы трымаем у руках, сапраўды стане выразам таго, што мы шукаем хвалы Божай, шукаем нашага ўдзелу ў той бязмежнай хвале, якую мае Езус Хрыстус», — нагадаў біскуп Віцебскі і заклікаў: «Шукайце Божага Валадарства — усё астатняе будзе чалавеку дададзена».

Кацярына Лаўрыненка
(VGr)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 01.11.2017 11:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа