
5 сакавіка ў Мінску Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў цырымонію адкрыцця і благаслаўлення офіса прадстаўніцтва сацыяльнай службы па хатнім доглядзе «Табіта», якая дзейнічае пры Дабрачынным каталіцкім таварыстве Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Новы офіс сацыяльнай службы, якая аказвае дапамогу хворым і цяжкахворым людзям у іх доме, размясціўся ў будынку пастырскага цэнтра Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
У цырымоніі яго адкрыцця і благаслаўлення ўзялі ўдзел дырэктар Caritas-Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, дырэктар Caritas-Мінск брат Анатоль Ярошка OFMCap, куратар праекта «Табіта» Людміла Платава, супрацоўнікі і валанцёры Дабрачыннага каталіцкага таварыства, дырэкатар пастырскага цэнтра епіскапату ў Мінску ксёндз Віталій Дабраловіч, святары і запрошаныя госці, сярод якіх былі прадстаўнікі славацкага і чэшскага пасольстваў у Беларусі.

Напачатку да сабраных звярнуўся арцыбіскуп Станеўскі, які падкрэсліў асаблівае значэнне новага офіса ў сацыяльным служэнні Касцёла.
«Менавіта ў гэтым месцы будзе адбывацца сустрэча чалавека з чалавекам, а гэта значыць, што чалавек патрабуючы будзе мець магчымасць сустрэцца тут таксама з міласэрным Богам. Няхай ласка Божая вас суправаджае, каб у вас была моц і сіла; каб у вас быў той агеньчык, які запаліць патрабуючага чалавека на пераадольванне тых цяжкасцяў, якія ён сустрэў у сваім жыцці. Таму няхай гэтае месца сапраўды стане тым месцам, дзе можна будзе адчуць лагодны дотык Бога да нашага сэрца, а праз нас — да сэрца іншага чалавека. Каб усе спазналі любоў Бога і маглі жыць у радасці», — сказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля літургічнага абраду благаслаўлення офіса і сімвалічнага разразання стужкі прадстаўнік чэшскага пасольства пан Петэр Галакса сардэчна падзякавал брату Анатолю Ярошку за плённае супрацоўніцтва паміж дыпламатычнай місіяй Чэхіі ў Беларусі і Дабрачынным каталiцкім таварыствам Caritas.
Дыпламат узгадаў, што ў студзені бягучага года ў Мінску пры ўдзеле кіраўніка чэшскай дыпмісіі ў нашай краіне пана Томаша Крыла і брата Анатоля была падпісана дамова аб рэалізацыі малога лакальнага праекту «Сацыяльная рэабілітацыя людзей з фізічнай інваліднасцю».
Мэтаю згаданага праекту з’яўляецца падтрымка працы Caritas з людзьмі, якія маюць цяжкую фізічную інваліднасць, і ўключэнне гэтых асобаў у жыццё мясцовай супольнасці.

На заканчэнне афіцыйнай часткі цырымоніі Людміла Платава распавяла пра дабрачынную дзейнасць, якая рэалізуецца ў межах праекту «Табіта».
Куратар паведаміла, што на працягу сямі гадоў была аказана дапамога 170-і асобам, 63-х з якіх супрацоўнікі і валанцёры праекта суправаджалі да апошняга моманту іх жыцця.
Выказваючы падзяку валанцёрам, кіраўнік праекту сказала: «Асабліва хачу падзякаваць валанцёрам, бо без іх некаторыя рэчы мы не маглі б зрабіць. Яны заўсёды гатовыя прыйсці і дапамагчы».
Словы падзякі былі скіраваныя таксама ўсім супрацоўнікам праекту. «Дзякую ўсім маім калегам, таму што без усяго офіснага апарата Caritas нашая праца была б немагчымай», — дадала Людміла Платава. Асаблівая падзяка была выказана таксама ўсім ахвярадаўцам, якія матэрыяльнымі сродкамі падтрымліваюць міласэрнасць у канкрэтных справах дапамогі патрабуючым.

Чым займаецца сацыяльная служба «Табіта»?
- Фізічная дапамога: аказанне дапамогі ў перамяшчэнні па доме і на вуліцы, замене бялізны, перапрананні, змене пасцельнай бялізны, прыёме ежы.
- Выкананне санітарна-гігіенічных працэдур: мыццё, чыстка зубоў, прычосванне, замена падгузнікаў.
- Сацыяльная і псіхалагічная дапамога: размовы з падапечнымі, актыўнае слуханне, суправаджэнне асобаў на апошнім этапе жыцця, магчымасць матэрыяльнай дапамогі (ежа, адзенне).
- Духоўная дапамога: супольная малітва з ахвотнымі і запрашэнне духоўнай асобы розных канфесій.
- Разам з тым праект не прадугледжвае штодзённы дагляд, аказанне дапамогі ўначы або некалькі дзён запар.
Усё гэта важна, бо інваліды і цяжкахворыя людзі маюць патрэбу знаходзіцца ў звыклым для іх асяроддзі і мець годную якасць жыцця.
Людзі, якія даглядаюць сваіх блізкіх, асабліва напачатку, маюць патрэбу ў набыцці спецыфічных ведаў: як забяспечыць гігіену ляжачых хворых, якія дапаможныя сродкі магчыма выкарыстоўваць, як арганізаваць апеку.
Тыя, хто на працягу доўгага часу даглядае сваіх блізкіх, мае патрэбу ў адпачынку, а самотныя людзі, якія увесь час знаходзяцца дома, маюць патрэбу ў камунікацыі.
Кантакты сацыяльнай службы «Табіта»:
- Тэл.: +375 (44) 708 28 40
- Эл. пошта: tabita@caritas-minsk.by (для Людмілы Платавай)





































