З 23 па 25 лютага для супольнасці Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра ў Гродне былі праведзены велікапосныя рэкалекцыі.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, правёў духоўныя практыкаванні прэфект і выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама выкладчык каледжа ксёндз Ян Раманоўскі.
Агульнай тэмай рэкалекцый была метаноя, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае змену кірунку мыслення, а ў хрысцяінскай духоўнасці тлумачыцца таксама як навяртанне, пакаянне. Рэкалекцыяніст заўважыў, што такія змены духоўнага кірунку адбываюцца ў жыцці кожнага хрысціяніна, прычым неаднойчы, а іх нагодай і цэнтрам з’яўляецца асабістая сустрэча з Хрыстом.
Пасля кожнай з канферэнцый удзельнікі задавалі святару пытанні і спрабавалі разам разабрацца ў іх.
Важнай часткай духоўных практыкаванняў былі малітва і магчымасць споведзі. Кожны дзень сабраныя на рэкалекцыях удзельнічалі ў святой Імшы, у суботу ж мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і затрымацца на адарацыі Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ксёндз Ян правёў для навучэнцаў каледжа набажэнства Крыжовага шляху.
На заканчэнне духоўных практыкаванняў удзельнікі падзякавалі ксяндзу Яну Раманоўскаму за іх правядзенне, за дадзеную магчымасць нанава адкрыць любоў Бога да чалавека. Яны пажадалі рэкалекцыяністу і сабе жывых адносін з Хрыстом і нястомных пошукаў прысутнасці Бога ў жыцці.