Пошук

31.03.2017 19:01   Тэкст і фота: Ілья Лапато / Фота: Кс. Кірыл Бардонаў / Catholic.by

Журналістка каталіцкага радыё «Рэнесанс» з Партугаліі Аўра Мігель разам з аператарам некалькі дзён правялі ў Беларусі, збіраючы матэрыял для адмысловай перадачы да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме.

Журналісты запісалі інтэрв’ю з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і наведалі Ракаў і Івянец у час перэгрынацыі ў гэтых мястэчках фігуры Маці Божай Фацімскай.

«У беларускіх католіках я заўважыла большую сур’ёзнасць»

«Мы адмыслова выбралі для здымак вашу краіну, бо хацелі паказаць, як памяць пра фацімскія таямніцы жыве сярод католікаў Беларусі — адной з самых аддаленых ад Партугаліі ўсходніх краін Еўропы», — расказала Catholic.by Аўра Мігель.



Паводле яе слоў, радыё «Рэнесанс» з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў хоча паказаць новы ракурс у падрыхтоўцы да ўрачыстасцяў.

«Мы возьмем інтэрв'ю у двух іерархаў — італьянскага біскупа Анджэла Садана, былога сакратара Святога Пасаду, які падчас цырымоніі беатыфікацыі дзяцей з Фацімы 13 мая 2000 года адкрыў свету Трэцюю фацімскую таямніцу, і Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які мае багаты вопыт служэння ў Расіі і ведае рэлігійны кантэкст краін былога СССР», — адзначыла журналістка.

Аўра Мігель прызналася, што беларускія католікі ў параўнанні з вернікамі ў Заходняй Еўропе ўразілі яе сваёй рэлігійнай сур’ёзнасцю. У гэтым жанчына бачыць адмысловы ўрок веры беларусаў для іншых народаў.

«Мяне кранула, як глыбока вернікі давяраюцца апецы Маці Божай. Я дасведчыла гэта падчас святой Імшы, назіраючы за тварамі людзей, а таксама падчас перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай».

«Каб зразумець актуальнасць фацімскіх пасланяў Марыі, не трэба быць вялікім інтэлектуалам ці адмыслова вывучаць тэалогію — мова Фацімы ўніверсальная і зразумелая кожнаму. У католіках Беларусі я заўважыла большую сур’ёзнасць».

«Мая праца залежыць ад календара Папы Рымскага»

Партугальская журналістка Аўра Мігель уваходзіць у лік журналістаў-«ватыканістаў», якія належаць да журналісцкага пула Пантыфіка. Разам з іншымі акуламі пяра Аўра суправаджае Святога Айца ў паездках і піша пра падзеі ў Ватыкане.

За 30 гадоў у журналістыцы жанчына паспела папрацаваць з трыма Пантыфікамі і здзейсніць каля 90 падарожжаў.

«Мой працоўны графік цалкам залежыць ад календара Папы Рымскага. Я ніколі не ведаю, якія месцы і краіны наведаю праз год», — зазначае яна.
Журналістка прызналася, што збіралася стаць дыпламатам, але, пачаўшы калісьці супрацоўніцтва з універсітэцкай каталіцкай газетай, яе хобі паступова перарасло ў прафесію.



«Радыё “Рэнесанс” — адна з буйнейшых мультымедыйных платформ у Партугаліі з 80-гадовай гісторыяй. Радыё мае каля 300 супрацоўнікаў. Я трапіла туды ў 1984 годзе, а праз год увайшла ў журналісцкі пул Пантыфіка, — прыгадвае Аўра. — Калісьці я марыла быць дыпламатам, але сёння мая прафесія дае мне нашмат больш».

Журналістка прызнаецца, што кожны Папа Рымскі, з якім ёй выпадаў гонар працаваць, адрозніваўся ад свайго папярэдніка.

«Усе тры Папы, якіх я ведала і з якімі працавала — цалкам розныя. Папа Францішак паходзіць з Лацінскай Амерыкі і гэта накладае свой адбітак на яго паводзіны і манеру размаўляць з людзьмі. Еўрапейцы ў гэтым плане больш фармальныя.

Папа Францішак, як той джып, не зважаючы на адлегласць і якасць дарогі, імкнецца несці евангельскую радасць самым простым людзям. Ён вельмі прыязны і свойскі — усміхаецца і размаўляе з кожным з нас, журналістаў, і нават згаджаецца на сэлфі».

Ілья Лапато, фота аўтара і кс. Кірыла Бардонава

Абноўлена 06.03.2018 16:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця