У нядзелю 11 лютага ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё і пасвячэнне алтара «Бічаванне Пана Езуса».
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, цэлебрацыю святой Імшы пры адноўленым алтары аднаго з найпрыгажэйшых касцёлаў у Беларусі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі катэдральнай парафіі і жыхары Гродна.
На літургіі маліліся за ўсіх, хто матэрыяльна падтрымаў рэстаўрацыю алтара.
Алтар, прысвечаны бічаванню Хрыста, можа быць адзіным такім у Гродзенскай дыяцэзіі.
Яго выканаўца невядомы. Алтар быў сур’ёзна пашкоджаны: падчас Другой сусветнай вайны з правага боку святыні выбіла шыбы, з гэтай прычыны ўнутр трапляла вільгаць, і дрэва падгніло. Таму ў ходзе рэстаўрацыі давялося поўнасцю разабраць алтар, чаго не рабілі з папярэднімі. Усе яго часткі былі сабраныя нанава, некаторыя элементы заменены. Жывапіс алтара быў рэстаўраваны гродзенскім мастаком Уладзімірам Кіслым.
Аднаўленне алтароў у гродзенскай катэдры пачалося з галоўнага, пашкоджанага падчас пажару ў 2006 годзе.
Па словах пробашча катэдральнай парафіі ксяндза каноніка Яна Кучынскага, плануецца аднаўленне і іншых алтароў, наступным з якіх будзе алтар Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
Пробашч дадае, што ёсць мара аднавіць усе цэнтральныя алтары ў катэдры, каб кожны, хто заходзіць у святыню, мог захапіцца яе архітэктурай, «бо яна прамаўляе».
«Кожны завіток мае сваё значэнне. І калі штосьці ведаеш пра сакральнае мастацтва, то зусім па-іншаму глядзіш на разьбу, абразы: не толькі як на „золата“. Заходзіш у касцёл — і як кнігу чытаеш… Усё гэтае багацце паказвае неверагодную прыгажосць і прыцягвае чалавека да Бога», — кажа святар.