Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
ВЯЛІКІ ПОСТ — ЧАС ПРАБУДЗІЦЬ СУМЛЕННЕ
Слова на Вялікі пост 2024 года
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Папяльцовай серадой мы распачалі новы літургічны перыяд — Вялікі пост. Чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе на Першую нядзелю гэта часу ласкі і навяртання, уводзяць нас у праблематыку духоўнага жыцця і заклікаюць даць станоўчы адказ на сутнаснае пытанне: «Мы з кім? З Богам ці са злым духам? Свабодныя ці зняволеныя сатаной?»
Наш адказ павінен грунтавацца на сведчанні Езуса, якога д’ябал спакушаў у пустыні. На ўсе яго спробы Езус адказаў станоўчым «Не» (пар. Мк 1, 12–15). Такім павінен быць і наш адказ, бо толькі тады мы будзем упэўненыя ў належнай падрыхтоўцы як да святаў Пасхі, так і да нашага падарожжа ў вечнасць.
2. Аднойчы вярблюдзіха і яе верблюдзяня размаўлялі паміж сабой. Верблюдзяня спыталася: «Мама, чаму ў нас такія вялікія трохпальцавыя капыты?» Маці адказала: «Каб падарожнічаць па мягкім пяску пустыні і не правальвацца ў яго». «А чаму ў нас такія доўгія і цяжкія вейкі?» «Каб пясок не трапляў нам у вочы падчас вандровак па пустыні». А чаму ў нас такія вялікія гарбы на спіне?» «Каб назапасіць тлушч і ваду для доўгіх падарожжаў па пустыні». «Добра, разумею, — адказала дзіця. — Толькі ў сувязі з гэтым у мяне узнікла пытанне: А чаму мы ў заапарку?»
Ці гэта байка ў пэўным сэнсе не адлюстроўвае жыццё сучаснага чалавека, які закрыўся ў чатырох сценах шматпавярховіка? Ці часам нам не трэба выйсці з яго і адправіцца ў пустыню, каб даведацца, хто мы на самай справе ёсць?
Прыгожа аб гэтым кажа афрыканскі выраз: «Бог стварыў зямлю з азёрамі і рэкамі для жыцця чалавека і пустыню для таго, каб ён мог знайсці сваю душу».
Нездарма Святы Айцец Францішак у сёлетнім Пасланні на Вялікі пост кажа, што гэты час ласкі нанава павінен стаць пустыняй — месцам першай любові. У пустыні Бог выхоўвае свой народ, каб выйшаў са свайго зняволення і перажыў пераход ад смерці да жыцця.
3. Евангелле распавядае пра час самоты Езуса ў пустыні пасля Яго хросту, куды Ён быў заведзены Духам. Там Езус моліцца і пасціцца сорак дзён і начэй. У дадатак да гэтага, Яго спакушае сатана.
Лічба 40 у Святым Пісанні часта асацыюецца з інтэнсіўнымі духоўнымі і фізічнымі перажываннямі. Патоп працягваўся сорак дзён і начэй, падчас якіх усе грэшнікі загінулі і выратаваўся толькі праведны Ной са сваёй сям’ёй і жывёламі, якіх ён узяў з сабой у каўчэг (гл. Быц 7–8). Пераход ізраэльцянаў з Егіпецкай няволі ў Зямлю абяцаную трываў сорак гадоў (гл. Ліч 14, 26–38). Майсей правёў сорак дзён і начэй на гары Сінай, каб атрымаць дзесяць Божых запавядзяў (пар. Зых 34, 28). Прарок Ілля ішоў сорак дзён і начэй на Божую гару Горэб, каб схавацца ад пераследу каралевы Ізабэлі (пар. 1 Вал 19, 8).
Пустыня была школай, куды прыйшоў Езус, каб адрозніць голас Бога Айца, волю якога Ён павінен быў выканаць, ад голасу сатаны, які спакушаў Яго не выконваць яе. Таксама ў пустыні мы спазнаем саміх сябе, свае моцныя і слабыя бакі, сваё пакліканне і свабоду. У пустыні нельга схавацца: чалавек застаецца сам-насам з Богам і самім сабой. Папа Францішак кажа, што Езус быў выведзены Духам у пустыню, каб быць выпрабаваным у свабодзе. У пустыні наша свабода можа саспець, каб зноў не трапіць у няволю граху.
Вядома, што не ўсе могуць дазволіць сабе набыць вярблюда і скіравацца ў пустыню. Але ўсе мы можам стварыць пустынную прастору ў нашым перапоўненым рознымі падзеямі жыцці. Мы можам вылучыць месца і час, каб штодзённа заставацца сам-насам з Богам. Месца і час, каб дыстанцавацца ад гоману сучаснага свету і яго галасоў, якія кожны дзень бамбардуюць нашае жыццё. Месца і час, каб пачуць Божае слова і нанава адкрыць, кім мы з’яўляемся перад Богам. Месца і час сказаць «так» Богу і «не» сатане, як гэта зрабіў Езус.
Колькі галасоў мы чуем на працягу ўсяго дня? Незлічоная іх колькасць у нашых дамах і месцах працы, радыё, тэлебачанні і інтэрнэце, газетах і часопісах, на вуліцы і магазіне, кіно і тэатрах, стадыёнах і канцэртных залах…
У пустыні мы адмяжоўваемся ад гэтых галасоў, каб адрозніць збаўчы голас Бога ад спакуслівага голасу сатаны. Кожны з нас сутыкаецца са спакусамі. Ва ўсіх нас ёсць слабыя месцы. Пытанне толькі ў тым: змагаемся з імі ці згаджаемся і прымаем? На гэтыя пытанні заклікае нас адказаць Вялікі пост.
У пустыні Езус сустракае дзікіх звяроў. Хоць у пустыні жыве іх шмат, яны, як правіла, рэптыліі, а не млекакормячыя. Рэптыліі ціхія, схаваныя і непрыкметныя, а таму вельмі небяспечныя.
У кожным з нас жывуць дзікія звяры, якімі з’яўляюцца рознага роду грахі, залежнасці, нядобрыя звычкі і схільнасці, ганарлівасць, прагнасць, бяздушнасць, абыякавасць і так далей.
Адна прыпавесць распавядае, як дзядуля кажа свайму ўнуку, які паводзіў сябе нядобра, што ў кожным чалавеку змагаюцца два ваўкі: добры і злы. Добры — гэта радасць, мір, любоў, надзея, пакора, дабрыня, эмпатыя, праўда. Злы — гэта гнеў, зайздрасць, прагнасць, претэнзія, лухта, пагарда і эгаізм. «Які перамагае?» — пытаецца ўнук. Дзядуля адказвае: «Той, якога мы больш кормім».
У гэтай прыпавесці злы воўк — гэта сімвал злога духа. Таму з Божай дапамогай неабходна супрацьстаяць д’яблу і ніколі не заігрываць з ім, бо ён вельмі небяспечны. Калі Езус у пустыні знаходзіўся сярод дзікіх звяроў, то анёлы служылі Яму і падтрымлівалі ў барацьбе з сатаной (пар. Мк 1, 13).
Бог таксама не пакідае нас бездапаможнымі, калі мы перажываем падзенні ў нашым жыцці. Праблема, аднак, у тым, што мы часта адмаўляемся ад Божай дапамогі і спадзяемся толькі на свае сілы. У той жа час у спакусе мы заўсёды можам звярнуцца да Бога і маліцца, каб з яго дапамогай перамагчы яе.
4. Каб застацца вернымі і паслухмянымі Богу, неабходна знайсці пустыннае месца і час, каб пабыць сам-насам з Ім у нашым мітуслівым свеце. Яно нам патрэбна, каб мець магчымасць слухаць голас Бога і нанава адкрыць, кім мы ёсць перад Ім.
Некалькі стагоддзяў таму місіянеры з Еўропы пачалі прыбываць на Амерыканскі кантынэнт, каб евангелізаваць індзейцаў, якія насцярожана адносіліся да іх.
Аднойчы група дарадцаў была выклікана да правадыра індзейцаў, каб параіць яму, што рабіць з місіянерамі. Яны доўга і гучна спрачаліся, большасць патрабавала сурова пакараць іх. Нарэшце, адзін стары і паважаны чалавек падняўся і звярнуўся да сходу з такімі словамі: «Спадарства, часта доўгімі зімовымі вечарамі мы збіраемся ў гэтым памяшканні на важныя сустрэчы. Час ад часу, калі мы спрачаемся, прывабленая святлом птушка прылятае праз адчыненае вакно, пакружыць імгненне і адлятае, і мы яе больш не бачым. Мы не ведаем, адкуль яна прыляцела, чаму была тут і куды паляцела. Такім ёсць і нашае жыццё. Мы на кароткі час з’яўляемся на сцэне гэтага свету ў незнаёмым нам месцы, затрымліваемся там на нейкі час і потым зноў знікаем невядома куды. Затрыманыя намі людзі прапануюць даць адказ на тры асноўныя пытанні жыцця: адкуль мы прыйшлі, чаму мы тут і куды ідзем. Таму, калі яны змогуць даць адказ на гэтыя пытанні, то прымем іх з гонарам».
Большую частку нашага жыцця мы занятыя рознымі справамі. Здаецца, што ў нас няма ні часу, ані жадання задумацца над сутнаснымі пытаннямі жыцця. Вялікі пост — гэта спрыяльны час, каб глыбей паразважаць над трыма з іх: Па-першае, адкуль я прыйшоў, гэта значыць, хто мяне стварыў? Па-другое, навошта стварыў? Па-трэцяе, куды я пайду пасля завяршэння зямнога жыцця і ці гатовы да гэтага падарожжа?
5. Гэтыя пытанні вядуць нас да наступнага: «Ці мы з’яўляемся людзьмі сумлення?» Сучасны секулярны свет як ніколі патрабуе такіх людзей. Добра сфармаванае сумленне часам адыгрывае роль пракурора, калі чалавек абвінвачвае самога сябе ў граху, як гэта сталася з каралём Давідам падчас яго размовы з прарокам Натанам (гл. 2 Сам 12, 1–14), а часам — адваката, каб бараніцца ад фальшывых абвінавачванняў. Толькі тады мы зможам разам са святым апосталам Паўлам сказаць, што сведчанне нашага сумлення — гэта наш гонар (пар. 2 Кар 1, 12).
Для гэтага нашае сумленне павінна быць правільна сфармаваным. У адваротным выпадку яно не зможа правільна дзейнічаць і распачне паволі згасаць. Потым наступіць яго жудаснае маўчанне, якое не мае нічога агульнага са спакоем. Гэта не што іншае, як спячае або нават мёртвае сумленне. Вялікі пост — гэта зручны час яго абудзіць.
6. Адна гісторыя апавядае, як у сярэднявеччы каралі з мэтай пацешыць сябе і прыдворных наймалі блазнаў. Блазан танцаваў, расказваў байкі і весяліў людзей. Хоць ён здаваўся недаразвітым вар’ятам, але на самай справе часта быў мудрым.
Аднойчы кароль моцна захварэў і быў пры смерці. Ён паклікаў блазна і сказаў яму: «Я збіраюся ў падарожжа». «Ці доўгім яно будзе», — спытаўся блазан. «Так, — сказаў кароль, — гэта будзе самае доўгае падарожжа, якога я ніколі раней не здзейсніў». «Але, — запратэставаў блазан, — я не бачу ніякай падрыхтоўкі да яго: карэты не на падворку, коні не падкаваныя, слугі не клапоцяцца пра харчаванне. Ці ты падрыхтаваўся да гэтага падарожжа?» Кароль адказаў: «На жаль, у сваім жыцці я не рыхтаваўся да яго». Тады прыдворны блазан адказаў: «Мой кароль, ты яшчэ большы вар’ят, чым я». Сумленне караля спала, і ён не думаў пра падарожжа ў вечнасць.
7. Дарагія браты і сёстры! Гэта думка і заданне на Вялікі пост! Ці мы мудра падыходзім да нашага зямнога жыцця як падрыхтоўкі да вечнасці? А можа, як той кароль, нават не думаем аб гэтым. Можа, нашае сумленне спіць. Трэба памятаць, што момант пераходу ў вечнасць залежыць не ад нас, але ад Бога. Ён вызначае час, і ніхто не можа яго змяніць. Таму трэба быць заўсёды падрыхтаваным. Жыццё — як грошы: іх можна патраціць, але толькі адзін раз.
Нездарма Езус кажа: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15).
Вялікі пост як час спрыяльны і дзень збаўлення (пар. 2 Кар 6, 2) — гэта час фармацыі нашага сумлення і навяртання. Трэба памятаць, што ніякая жыццёвая параза не закрывае для нас шляху да Бога.
Вялікі пост рыхтуе нас да свята Пасхі, калі будзем адзначаць перамогу Езуса над грахом, злым духам і смерцю. Сапраўднае святкаванне гэтага самага галоўнага хрысціянскага свята толькі тады будзе мець сэнс, калі мы як людзі сумлення пазнаем свой грэх, з Божай дапамогай пераможам спакусы злога духа і ўваскрэснем з магілы граху. Для гэтага нам патрэбна адвага навяртання і выйсця з палону граху, кажа Папа Францішак.
Даручаючы ўсіх вас заступніцтву Марыі — прытулку грэшнікаў, на гэты шлях фармацыі сумлення, навяртання і духоўнага ўваскрашэння, у распачатым Годзе малітвы як падрыхтоўкі да Юбілейнага, 2025 года ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 11 лютага 2024 г.