Пошук

01.02.2024 20:10   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

У чацвер 1 лютага ў Мінску адзначылі 10-ю гадавіну біскупскага пасвячэння Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

З гэтай нагоды іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

Біскупскае пасвячэнне Юзафа Станеўскага адбылося ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне 1 лютага 2014 года.

Галоўным пасвячаючым біскупам быў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, асістуючымі — тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Ва ўрачыстай цэлебрацыі ў галоўнай святыні сталіцы ў 10-ю гадавіну біскупскага пасвячэння арцыпастыра ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і ўсе каталіцкія біскупы Беларусі: папярэднік арцыбіскупа Станеўскага на Мінска-Магілёўскай катэдры арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, найстарэйшы каталіцкі іерарх у нашай краіне біскуп Казімір Велікаселец з Гомеля, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама больш за чатыры дзясяткі святароў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і іншых дыяцэзій: як дыяцэзіяльных, так і прадстаўнікоў манаскіх інстытутаў.

Да шматлікіх сабраных у архікатэдры вернікаў духоўна далучыліся некалькі соцень тых, хто ўдзельнічаў у супольнай малітве анлайн дзякуючы прамой трансляцыі на партале Catholic.by.

На пачатку святой Імшы слова да прысутных скіраваў арцыбіскуп Кандрусевіч. Заслужаны іерарх перадусім звярнуў увагу на тое, што прыблізна ў адзін час з арцыбіскупам Станеўскім 10-годдзе з часу біскупскага пасвячэння адзначаюць яшчэ два беларусія іерархі: біскупы Алег Буткевіч і Юрый Касабуцкі.

«Тады „марафон“ біскупскіх пасвячэнняў прайшоў па Беларусі: 18 студзеня кансэкрацыя біскупа ў Віцебску, 25 — у Мінску і 1 лютага ў Гродне. Гэта была вельмі вялікая падзея. Да гэтага было чатыры біскупы ў Беларусі — уся Канферэнцыя біскупаў — стала сем: на 75 працэнтаў колькасць біскупаў павялічылася. <…> Гэта была вялікая радасць!» — падзяліўся арцыбіскуп Кандрусевіч, скіраваўшы словы віншавання прысутным іерархам, якія 10 гадоў таму сталі біскупамі, і запрасіўшы вернікаў маліцца за іх, а асабліва за яго наступніка на чале Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Арцыбіскуп эмэрыт прыгадаў, што яны абодва паходзяць з адной мясцовасці, «нарадзіліся недалёка адзін ад аднаго», адзначыўшы, што з тых мясцін выйшла нямала святарскіх і манаскіх пакліканняў.

На заканчэнне гэтай уступнай прамовы, якая стала ўводзінамі ва ўрачытую літургію, арцыбіскупы абмяняліся братнімі абдымкамі, пасля чаго арцыбіскуп Станеўскі сказаў:

«Мы, біскупы 2014 года кансэкрацыі, <…> прыходзім сёння <…>, каб дзякаваць Богу за тое, што калісьці ўзглянуў на нас, калі праходзіў каля нашых турботаў штодзённых, нашага „возера“, абавязкаў і нашых планаў, і сказаў: „Пайдзі за Мною“. І гэтая прыгода сёння адбываецца», — сказаў арцыпастыр, прывітаўшы асаблівым чынам усіх прысутных на цэлебрацыі беларускіх біскупаў, Апостальскага нунцыя, святароў лацінскага і візантыйскага абрадаў на чале з Апостальскім адміністратарам, а таксама кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў.

Гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Кашкевіч, з-пад чыіх рук 10 гадоў таму «выйшаў» новы біскуп Юзаф Станеўскі. Прывітаўшы напачатку ўсіх словамі традыцыйнага хрысцінскага прывітання, іерарх сказаў: «Мы ўспамінаем дзень 1 лютага 2014 года і гродзенскую катэдральную базыліку, дзе мела месца гістарычная і вельмі важная не толькі для Касцёла Гродзеншчыны, але для ўсёй краіны падзея. <…>

Я лічу дарам для сябе, што перадача святарскай улады здзейснілася праз маё пасрэдніцтва як біскупа Гродзенскага. Менавіта ў горадзе над Нёманам, у нашай гістарычнай катэдры мне было дадзена ўдзяліць шаноўнаму юбіляру спачатку пасвячэнне дыяканату, потым — прэзбітэрскае, а дзесяць гадоў таму, у прысутнасці шматлікіх сведкаў і ўдзельнікаў літургіі, — біскупскае», — сказаў біскуп Кашкевіч, дадаўшы, што «адразу пасля прыняцця біскупскага пасвячэння сённяшні арцыбіскуп прыступіў з юнацкім энтузіязмам да выканання гэтай адказнай місіі, даручанай Касцёлам». Іерарх узгадаў, што дзякуючы служэнню біскупа Станеўскага тысячы людзей па ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі і не толькі былі ўмацаваныя дарам Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі; былі пераадолены тысячы кіламетраў для таго, каб наведаць аддаленыя парафіяльныя супольнасці, «дзеля таго, каб Евангелле дасягнула сем’яў і старэйшага пакалення, каб працягвалася і здзяйснялася новая евангелізацыя».

«Асабліва любяць арцыбіскупа дзеці і моладзь. Ён заўсёды знаходзіць з імі агульную мову, стаўся іх сябрам. А для семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства, стаўся сапраўдным бацькам і старэйшым братам»,— сцвердзіў біскуп Кашкевіч, дадаўшы, што праз восем гадоў служэння на Гродзеншчыне «Пан Бог вызначыў для яго яшчэ больш адказную задачу: стаць бацькам сям’і Мінска-Магілёўскага Касцёла».

Звярнуўшыся напрыканцы гаміліі да свайго яшчэ надаўна найбліжэйшага супрацоўніка, Гродзенскі біскуп сказаў: «Сёння, праз дзесяць гадоў з таго часу, калі біскупства стала тваім удзелам, мы дзякуем Духу Святому за Яго незнішчальную моц і пячатку, якую ты тады атрымаў. <…> Дзякуем Духу Святому за тое, што нястомна дае табе свае дары, асабліва дар евангельскай радасці, якую ты змясціў у сваім біскупскім дэвізе. <…>

Няхай радасць, якая прамяніцца ў асобе арцыбіскупа, у словах, вачах і ўсмешцы, спрыяе пашырэнню добрай весткі на нашай зямлі, напаўняе таксама сэрцы тых, да каго пажадае паслаць свайго руплівага пастыра Езус Хрыстус», — завяршыў гамілію пажаданнем біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Пасля Камуніі да сабраных звярнуўся нунцый Ёзіч, перадусім павіншаваўшы арцыбіскупа Станеўскага і біскупаў Буткевіча і Касабуцкага з дзясятай гадавінай з часу іх біскупскага пасвячэння.

«Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марым жадаю вам моцнай веры, непахіснай надзеі і самаахвярнай любові на кожны дзень вашага далейшага жыццёвага шляху на хвалу Богу і на карысць Яго вернаму народу», — выказаў пажаданне прадстаўнік Папы ў нашай краіне.

«Ад імя Святога Айца Папы Францішка дзякую вам за вашую руплівасць і адвагу ў абвяшчэнні праўды Хрыстова Евангелля, а таксама за ваша адданае і шчырае служэнне Пану Богу і людзям», — сказаў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, пасля чаго ўручыў усім тром біскупам памятныя медалі ўгодкаў пантыфікату Папы Франіцшка як «знак сулучнасці са Святым Айцом і заахвочываннем да мужнасці і трывання ў надзеі, нягледзячы на ўсе выпрабаванні».

Біскуп Буткевіч у кароткай віншавальнай прамове ад свайго ўласнага імя і ад імя ўсёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Старшынёй якой ён з’яўляецца, перадусім адзначыў, што першы дзесяцігадовы этап служэння арцыбіскупа Станеўскага быў паспяховым.

«Хтосьці можа нават пазайздросціць: дзесяць гадоў ужо біскуп, ужо Мітрапаліт, але колькі важыць вось гэты ваўняны палій, як часам прыгнятае да зямлі, ведаеш толькі ты, Эксцэленцыя, і Бог», — падкрэсліў Старшыня ККББ, адразу, аднак, паправіўшыся і ўказаўшы на яшчэ аднаго чалавека: арцыбіскупа эмэрыта Кандрусевіча. Сваю прамову біскуп Алег Буткевіч завяршыў пажаданнямі вытрываласці, сілы і мужнасці на шляху арцыпастырскага служэння і нясення радасці Евангелля.

Свае віншаванні арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму скіравалі таксама прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі на чале з архімандрытам Гаекам, прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, навучэнцы Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, вернікі сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены. Пасля гэтых віншаванняў касцёльны хор заспяваў арцыпастыру старадаўні віншавальны спеў на лацінскай мове — Plurimos annos — «Многія гады».

Завяршылася ўрачыстая цэлебрацыя словамі падзякі, якія арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказаў на трох мовах: рускай, беларускай і польскай.

Абноўлена 01.02.2024 23:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа