Пошук


10 гадоў таму, 1 лютага 2014 года, у гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ксёндз прэлат Юзаф Станеўскі, шматгадовы рэктар і выхавацель Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, прыняў біскупскае пасвячэнне.

Галоўным пасвячаючым быў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, асістуючымі — тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі тагачасны Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, сёння кардынал і прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, усе тагачасныя біскупы Беларусі, Мітрапаліт Віленскі арцыбіскуп Гінтарас Грушас з Літвы, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Сабралося духавенства з усёй краіны, шматлікія вернікі дыяцэзіі, госці з Германіі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны, святары Праваслаўнай Царквы, якія прадстаўлялі епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, пастар Евангелічна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў. Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых уладаў і дыпламатычнага корпусу.

Усё жыццё Юзафа Станеўскага да верасня 2021 года было звязана з Гродзеншчынай.

Ён нарадзіўся ў Занявічах непадалёк ад Гродна, вывучаў філафосію і тэалогію ў гродзенскай семінарыі, дзе пазней быў рэктарам, выконваў розныя функцыі ў мясцовым Касцёле. На працягу гадоў займаўся фармацыяй новых пакаленняў духавенства і дапамагаў многім маладым людзям у адкрыцці шляху да Хрыстовага святарства.

У намінацыйнай буле, кажучы пра матывы прызначэння, Папа Францішак адзначыў, між іншым, што біскуп намінат Юзаф Станеўскі «самааддана служыў у справе пакліканняў, дэманструючы неабходны розум і дар сэрца і разуменне становішча спраў мясцовага Касцёла». Таксама Пантыфік заахвоціў біскупа наміната:

«Мы заклікаем цябе, дарагі сыне, каб ты ўсю сваю біскупскую стараннасць аддаў Хрысту, чыё слова і сакрамэнты для вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі ў еднасці з біскупам шчыра будзеш абвяшчаць і кіраваць, праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, і святога Юзафа».

Пра тое, што сам Хрыстус абірае, кліча і давярае гэтую ганаровую і адначасова адказную місію ў Касцёле — быць пастырам аўчарні — нагадаў прысутным у гаміліі біскуп Кашкевіч: «Служэнне біскупа ў святле веры — гэта штосьці большае, чым толькі кіраванне. Яно мае глыбока сакрамэнтальнае вымярэнне, паколькі ў біскупе, акружаным сваімі святарамі, сярод нас прысутнічае сам наш Пан, Езус Хрыстус, які жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле. Служэнне біскупа з’яўляецца ўдзелам у пастырскай місіі Езуса Хрыста, здзяйсняецца ад Яго імя, яснее Яго бляскам і фарміруецца паводле Яго прыкладу. Таму мы верым, што сам Хрыстус як Добры Пастыр выбірае і кліча тых, каму даручае такую ганаровую і адказную задачу».

Біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў Юзафа Станеўскага так служыць Хрыстоваму Касцёлу, каб люд, з якога ён быў сам узяты і для якога прызначаны, «мог адчуць радасць Евангелля і моц сакрамэнтальнай ласкі».

Апостальскі нунцый Гуджэроцці ў слове напрыканцы Імшы падзяліўся з прысутнымі, што напярэдадні яму патэлефанавалі з папскага палаца і, даведаўшыся, што ён едзе ў Гродна на біскупскае пасвячэнне, папрасілі хвіліну пачакаць, а пасля сказалі, што Святы Айцец абдымае новага біскупа разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам і жадае яму ўсяго найлепшага ў новай місіі. «Такім чынам, сёння і я перадаю гэтыя абдымкі Папы, але яны непасрэдна прыйшлі ад самога Пантыфіка», — сказаў прадстаўнік Святога Айца.

«Вы працавалі з маладымі людзьмі, і гэта дапамагло вашаму сэрцу заставацца маладым», — дадаў Апостальскі нунцый, звяртаючыся да новапасвячанага, і пажадаў яму «адвагі і сілы», «бо ёсць шмат працы і шмат людзей, якія чакаюць».

Акрамя таго, нунцый Гуджэроцці сказаў біскупу Станеўскаму: «Святары маюць патрэбу ў мосце, і вы павінны быць гэтым мостам. Мы не жывем у замку, навокал якога роў з вадой <…> І калі хтосьці са святароў працягне ў бок вашага дома руку, <…> вы павінны быць тым, хто ў адказ працягне сваю і возьме ў яе ягоную», — даў наказ новапасвячанаму біскупу прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі.

Напрыканцы ён сказаў:

«Навокал вас цудоўны народ, каля вас ваша маці і сям’я. <…> Побач прадстаўнікі іншых супольнасцяў і Цэркваў і прадстаўнікі ўлады. І Касцёл, і дзяржава служаць тым самым людзям, <…> і гэтае служэнне адбываецца добра, калі абодва бакі служаць разам», — падкрэсліў нунцый Клаўдыё Гуджэроцці.

Сам біскуп Станеўскі на заканчэнне Імшы ў сваім слове найперш падзякаваў усім, хто падтрымліваў і надалей будзе падтрымліваць яго ў служэнні, выказаў падзяку Богу і людзям, якіх Божы Провід паставіў на яго жыццёвым шляху. Іерарх падзякаваў сваім бацькам за «прыклад, дар жыцця і веру», «за штодзённую супольную малітву». Ён асабліва падзякаваў сваёй маці за «малітоўную падтрымку і духоўныя ўказанні, якія мне паўтарала: „Будзь цярплівы, будзь адкрыты, радасны, затрымайся каля старэйшых, паразмаўляй з моладдзю, пацяшай дзяцей, памятай пра малітву“».

Звяртаючыся да ўсіх вернікаў і людзей добрай волі, біскуп заклікаў іх:

«Шануйце і бараніце жыццё, ненароджанае або слабое з прычыны хваробы, калецтва ці старасці. Трывайце ў непарыўнасці сакрамэнтальнага сужэнства, здольнага перадаць дар жыцця праз любоў мужчыны і жанчыны. Падтрымлівайце ў вашых сем’ях супольную малітву, супольны пасілак, майце час на размову з дзецьмі і адвагу тлумачэння моладзі жыццёвых пытанняў. Шануйце святароў і нас, біскупаў, кансэкраваных асобаў, бараніце іх і падтрымлівайце сваіх пастыраў», — папрасіў у сваёй першай пасля біскупскага пасвячэння прамове Юзаф Станеўскі.

Новы біскуп прыняў шматлікія віншаванні ад прысутных.

Ад імя супольнасці гродзенскай семінарыі выступіў ксёндз Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый, які пажадаў новапасвячанаму іерарху «моцна трымаць у руцэ пастарал» — сімвал пастырскай улады — і «весці люд сцежкамі веры», што арцыбіскуп Юзаф Станеўскі робіць на працягу дзесяці гадоў.

14 верасня 2021 года, у свята Узвышэння Святога Крыжа, іерарх прыняў на свае плечы новы «крыж» арцыпастырскага служэння, калі Папа Францішак менаваў яго арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім.

Абноўлена 01.02.2024 12:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця