З пачатку Адвэнту валанцёры парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі правялі шэраг дабрачынных акцый, каб падзяліцца з людзьмі ў патрэбе радасцю, якая сыходзіць з убогай стаенкі, дзе нарадзіўся Хрыстус, Збаўца свету.
У парафіі Божага Цела ў Нясвіжы валанцёры арганізавалі акцыю «Хвілінка дабрыні». На працягу трох тыдняў у касцёле збіраліся ласункі, падарункі і сродкі асабістай гігіены для самотных, хворых, дзяцей-сірот, людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Быў праведзены майстар-клас, на якім дзеці разам з пробашчам нясвіжскай парафіі ксяндзом канонікам Пятром Шарко, сястрой Янінай, сястрой Галінай і дарослымі зрабілі вялікую колькасць прыгожых паштовак для пажылых людзей і інвалідаў.
Перад святам Нараджэння Хрыстова валанцёры сумесна з прадстаўнікамі Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведалі сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Такіх дзетак у раёне 38, і кожны атрымаў падарунак ад парафіі.
Аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў вёскі Лявонавічы таксама не засталося без увагі. Яго пастаяльцы ўдзячныя за праведзеную ксяндзом Яўгенам Баланёвым малітву, канцэрт, сродкі гігіены і вялікую колькасць пачастункаў.
Акрамя таго, валанцёры Caritas на чале з пробашчам наведалі Гарадзейскую школу-інтэрнат. З дзецьмі ксёндз Пётр правёў размову пра Божае Нараджэнне, а малыя падзяліліся сваімі марамі, ведамі і талентамі. Салодкія падарункі і дзіцячыя развіваючыя планшэты атрымалі 19 дзяцей.
З падарункамі і добрым настроем валанцёры таксама наведалі людзей, якія знаходзяцца ў Гарадзейскім аддзяленні сястрынскага догляду.
У парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, валанцёры правялі акцыю «Адкрый сваё сэрца». У яе межах парафіяне сабралі 66 падарункаў для сем’яў, якія выхоўваюць дваіх дзяцей з інваліднасцю. У Маладзечанскім раёне такіх сем’яў 23, з іх 11 з’яўляюцца шматдзетнымі. Вернікі парафіі да таго ж зладзілі калядны кірмаш, а сабраныя сродкі былі скіраваны на дабрачынныя праекты.
У парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі (Нясвіжскі дэканат) вернікі ўзялі ўдзел у дабрачынным канцэрце ў Дзяржаўнай ўстанове «Калінаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў». Напрыканцы канцэрта валанцёры арганізавалі салодкі стол для пастаяльцаў.
Перад святам Божага Нараджэння валанцёры наведалі Капыльскі дзіцячы прытулак, дзе з дзецьмі правялі час за цікавымі гульнямі і віктарынамі з падарункамі.
Дзіцячы хор парафіі святога Антонія ў Мар’інай Горцы (Барысаўскі дэканат) разам з пробашчам, ксяндзом Генрыхам Кучынскім, наведаў Пухавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, дзе выступіў з канцэртнай праграмай.
У парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах юныя католікі з дапамогай сястры Наталлі Урбановіч вучыліся быць міласэрнымі: дзеці, якія ходзяць на заняткі па рэлігіі першы год, разам з бацькамі сабралі 26 пакункаў з падарункамі для сваіх аднагодкаў з асаблівасцямі развіцця ў межах акцыі «Каляды нясуць радасць». Валанцёры парафіяльнага Caritas з пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком адвезлі падарункі ў Стаўбцоўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дзеці былі радыя імянным падарункам.
Таксама валанцёры зладзілі дабрачыны калядны кірмаш, сродкі ад якога былі скіраваныя на падарункі для дзяцей ад святога Мікалая.
У сталічнай парафіі святога Андрэя, апостала, і святога Леапольда Багдана Мандзіча ўжо не першы год ксяндзы палатыны праводзілі акцыю «Самарытанскі кашалёк». Яны сабралі 98 падарункаў для дзяцей з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках.
У парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску парафіяне зладзілі дабрачынны кірмаш, на якім можна было набыць розныя рэчы, выпіць кавы альбо гарбаты з прысмакамі за ахвяраванне. Такім чынам валанцёры парафіяльнага Caritas збіралі сродкі на набыццё неабходных рэчаў для догляду за хворымі парафіянамі.