Пошук

08.01.2024 09:51   Тэкст: кс. Павел Зайцаў SAC / Фота: с. Наталля Дрэма SAC / Catholic.by

З 2 па 5 студзеня ў доме Найсвяцейшай Тройцы ксяндзоў вербістаў у Баранавічах (Пінская дыяцэзія) прайшлі адмысловыя дні Палатынскай моладзі.

Удзельнікі прыбылі на сустрэчу з розных куткоў Беларусі, з каталіцкіх парафій, дзе нясуць служэнне палатыны: святары і сёстры з Таварыства Каталіцкага Апостальства — супольнасці, заснаванай рымскім святаром святым Вінцэнтам Палоцці з мэтаю ажыццяўлення апостальскага паклікання народа Божага. Такім чынам, у Баранавічах сабраліся юнакі і дзяўчаты з Бярозы і Жлобіна (Пінская дыяцэзія), з Воранава і Германішкаў (Гродзенская дыяцэзія), а таксама з Мінска (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Мерапрыемства, арганізаванае ксяндзамі палатынамі і сёстрамі палатынкамі, прыцягнула каталіцкую моладзь, якая жадала паглыбіць сваю веру, знайсці новых сяброў і чэрпаць натхненне з духоўнасці святога Вінцэнта Палоцці.

Праграма Палатынскіх дзён моладзі была насычана рознымі мерапрыемствамі, якія спалучалі малітву, удзел у святой Імшы і весялосць; праходзілі канферэнцыі, моладзь мела магчымасць праслухаць займальныя і карысныя лекцыі на актуальныя тэмы: «Сацыяльныя сеткі: небяспека і карысць» і «Мне 12–17 гадоў: чаму мяне не разумеюць?»

 

Малітва была адным з найважнейшых элементаў Палатынскіх дзён моладзі, юнакі і дзяўчаты мелі магчымасць супольна маліцца і разважаць. Надзвычай важным аспектам гэтых дзён быў удзел у святой Імшы. Усе ўдзельнікі маглі разам адчуць прыгажосць і веліч сакрамэнту святой Эўхарыстыі, пазнаць еднасць і моц, якую дае супольнасць вернікаў.

Весялосць і інтэграцыя таксама сталі цікавымі момантамі Палатынскіх дзён моладзі. Тэматычныя вечары, гульні, размовы дазволілі маладым удзельнікам знайсці новых сяброў і падзяліцца радасцю, быць часткай гэтай вялікай супольнасці. Атмасфера ўзаемаразумення і падтрымкі натхняла маладых людзей у будучыні пераадольваць межы і працаваць для ўкаранення хрысціянскіх каштоўнасцяў у штодзённым жыцці.

Палатынскія дні моладзі ў Баранавічах былі не толькі нагодай для шчырай малітвы і вялікай радасці, але таксама часам разважання і ацэнкі ўласнай духоўнасці.

Маладыя людзі былі заахвочаныя да таго, каб уплываць на сваё асяроддзе: аднагодкаў і не толькі, якія імкнуцца стаць лепшымі католікамі па прыкладзе святога Вінцэнта Палоцці. Малітва, святая Імша і канферэнцыі былі моцным падмуркам для таго, каб у далейшым аб’ядноўваць высілкі на развіццё веры і ўмацаванне духоўнай лучнасці маладых католікаў з Богам.

Гэтыя дні былі таксама адмысловым момантам сустрэчы моладзі з людзьмі, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, магчымасцю непасрэднага паглыблення адносінаў з Панам, часам духоўнага ўзрастання юнакоў і дзяўчат. Гэтая ўнікальная падзея нагадала ўсім удзельнікам, наколькі важным у жыцці з’яўляецца асабістае духоўнае развіццё, а таксама моц і прыгажосць каталіцкай веры.

 

Абноўлена 08.01.2024 09:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця