Разважанні на Вялікі пост, якія мы прапануем сёлета, заснаваны на кнізе «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words). Напісаў яе айцец Джэймс Марцін SJ з Нью-Ёрка, святар-езуіт і аўтар хрысціянскіх бестселераў. Кніга складаецца з медытацый над апошнімі словамі ўкрыжаванага Хрыста і паказвае, як дасканала Езус разумее нас.
Разважанні а. Джэймса дапамагаюць нанова ўсвядоміць, што да Хрыста мы можам звяртацца ў кожнай сітуацыі нашага жыцця.
Сем апошніх слоў. Зразумець Хрыста
Кожныя рэкалекцыі з’яўляюцца магчымасцю вызваліцца ад прэсінгу і турботаў штодзённасці, малітоўна паразважаць над сваімі адносінамі з Богам, з людзьмі і са светам. Перыяд Вялікага посту — час падрыхтоўкі да святкавання пасхальнай таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста — вельмі адпавядае ўдзелу ў рэкалекцыях.
Нашай малітве будуць дапамагаць разважанні над апошнімі словамі Хрыста. Гэта сем апошніх фраз, якія Езус прамовіў з крыжа ў Вялікую пятніцу:
«Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34)
«Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43)
«Жанчына, вось сын Твой… Вось Маці твая» (Ян 19, 26–27)
«Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (пар. Мк 15, 34 Мц 27, 46)
«Прагну» (Ян 19, 28)
«Здзейснілася!» (Ян 19, 30)
«Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (Лк 23, 46)
Практычныя заўвагі
Гэтыя сем апошніх выказванняў з’яўляюцца не толькі апошнімі думкамі Езуса на крыжы, але словамі, якія першыя хрысціяне лічылі найбольш важнымі, перадавалі і запісвалі. Такім чынам, гэтыя фразы з’яўляюцца вельмі значнымі для разумення не толькі Езуса Хрыста, але і ранняга Касцёла.
Спадзяёмся, што, карыстаючыся гэтымі разважаннямі, вы зведаеце новую, глыбокую сустрэчу з Езусам, і гэтая сустрэча пераменіць вашае жыццё.
Пачнем з некаторых практычных падказак, якія могуць дапамагчы тым, хто не ўдзельнічаў раней у рэкалекцыях такога кшталту, або нагадаюць некаторыя моманты тым, хто ўжо з імі знаёмы.
Найперш неабходна вызначыцца, як доўга і калі вы можаце маліцца. Вельмі добра было б загадзя выбраць час і прытрымлівацца яго падчас кожнай малітвы.
Тэкст аднаго разважання разлічаны на 20-25 хвілін, але можна дадаць час на падрыхтоўку альбо, напрыклад, вярнуцца вечарам да прагляду ідэй і думак, якія нарадзіліся на працягу дня пасля малітвы.
Важна таксама знайсці адпаведнае месца для малітвы і падумаць, з якімі інтэнцыямі, прагненнямі, нявырашанымі пытаннямі вы распачынаеце гэты шлях.
Галоўная мэта рэкалекцый — спасцігнуць, як пакуты і цярпенні Езуса дапамаглі Яму зразумець чалавека да канца. Асоба, да якой мы молімся, Чалавек, за якім мы ідзём з надзеяй, той, які ўвакрос з мёртвых, разумее нас — таму што Ён пражыў чалавечае жыццё, а асабліва таму, што Яго апошні тыдзень на зямлі быў напоўнены цярпеннямі.
Гэта не азначае, што мука — адзіная значная частка жыцця Езуса Хрыста. Сапраўды, на працягу ўсёй хрысціянскай гісторыі на муках Хрыста рабіўся залішні акцэнт. Засяроджанне выключна на «Мужы Цярпення» выпускае з-пад увагі іншую частку служэння Езуса, якое было напоўнена радасцю. Так, аздараўленні хворых былі крыніцай не толькі здзіўлення. Таксама ў многіх прыпавесцях і выказваннях Хрыста варта было б убачыць не толькі мудрасць, якая, несумненна, у іх ёсць, але і гумар. Мы павінны памятаць, што Езус да канца быў чалавекам, таму меў таксама пачуццё гумару і ўмеў жартаваць. Муж Цярпення значна часцей быў Мужам Радасці. Стаўшы чалавекам, Ён зведаў усё багацце людской прыроды.
Мы молімся Богу, які шануе цяжкасці нашага жыцця. Ён не глядзіць на нас зверху ўніз з недасяжнай вышыні, а проста шкадуе нас. Ён не падобны да багацея, які, праходзячы каля бяздомнага, пагардліва кажа: «Які сорам!» Наш Бог зведаў жахлівыя мукі, і — як мы ўбачым падчас рэкалекцый — часта цярпеў ад тых жа рэчаў, што і мы.
Наш Бог умее спачуваць, Ён чуллівы і спагадны, Ён разумее нашае жыццё. І гэта самая глыбокая форма разумення і спагады, якую свет калі-небудзь бачыў.
Спадзяёмся, што вялікапосныя рэкалекцыі з кожным новым разважаннем будуць спрыяць пазнанню Хрыста і паглыбленню адносін з Ім.
ыВялікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» паводле кнігі а. Джэймса Марціна SJ «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words).