Пошук

22.12.2023 12:58   Catholic.by
Фота Міколы Новікава

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Камісіі агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, кіруе вернікам слова на Божае Нараджэнне 2023 года.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
ЖЫЦЬ ПРАЎДАЙ ЎЦЕЛАЎЛЕННЯ БОГА
Слова на Божае Нараджэнне 2023

«Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца,
якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 11).

Дарагія браты і сёстры!

Гэтымі словамі Евангелля сардэчна вітаю вас і віншую са святам Нараджння Хрыстова!

Святкуючы Божае Нараджэнне, звяртаемся да Усемагутнага Бога, каб добра знаёмыя нам словы Святога Пісання, калядкі і звычаі гэтага свята вагнём Божай ласкі распалілі ў нашых сэрцах новае пачуццё здзіўлення і ўдзячнасці за дар Эмануэля — Бога з намі.

Святы Ян Павел ІІ, 45-годдзе абрання якога Папам мы нядаўна адзначалі, у сваёй першай энцыкілы «Адкупіцель чалавека» піша, што дзякуючы таямніцы Уцелаўлення Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва (пар. RH 1).

Бэтлеемскія яслі прадстаўляюць нам Езуса, як бездапаможнае немаўлятка, якое ляжыць у яслях для кармлення хатніх жывёлаў. Гэта праўда. Але праўдай ёсць і тое, што Бог, які ў Езусе Хрысце прыйшоў у гэты свет з чалавечым сэрцам і тварам, быў раней за ўсё, і ўсё трывае ў Ім, як кажа святы апостал Павел (пар. Клс 1, 17).

Бог у Езусе Хрысце стаўся чалавекам для збаўлення чалавека. Таму мы павінны ўспрымаць Езуса перш за ўсё як нашага Збаўцу.

Калі б Бог не сышоў з нябёсаў, то чалавецтва заставалася б у грахоўным летаргічным сне. Але Бог увасобіўся і аднавіў у чалавеку свой вобраз і падабенства, паводле якога ён створаны (пар. Быц 1, 26). Бог таксама істотна змяніў чалавечую прыроду, вярнуўшы яе ў першапачатковы стан, які яна мела перад першародным грахом.

Як новы Адам, Езус стаў бачным Богам, вызваленым ад комплексу зямной ўлады, бо сябе самога пазбавіў улады. І сапраўды: Яго, Усемагутнага, укрыжавалі слабыя; бессмяротнага смерцю пакаралі смяротныя; праслаўленага высмеялі людзі. Але, нягледзячы на ўяўную паразу, Ён сваім Уваскрасеннем праявіў усемагутнасць.

Праўда Уцелаўлення схіляе нас засяродзіцца не толькі на трох вымярэннях прасторы: вышыня, шырыня і даўжыня, але і на чацвёртым, якім з’яўляецца час. Збаўца прыйшоў у гэты свет, калі настала паўната часу (пар. Гал 4, 4), як кажа апостал Павел. Паўната часу паўтараецца і ў нашым штодзённым жыцці, у якім праз паслугу Касцёла нараджаецца Збаўца.

З нараджэннем Хрыста надыходзіць радасць абяцанага вечнага жыцця, якой мы павінны дзяліцца з іншымі. Словам і ўчынкам сведчыць, што Езус ёсць Валадар і Збаўца.

Калі гэтага не хапае, то нават самы ўзнёслы ўспамін з мінулага ператворыцца ў пустыя словы.

У той жа час Хрыстус не з’яўляецца ўспамінам мінулага, але Богам сучаснасці. Таму не трэба адчайвацца, калі часам вяршыня хрысціянскага жыцця здаецца занадта высокай, а шлях — занадта стромым. Хрыстус ідзе побач з намі, прымае нашыя слабасці, падзяляе нашыя намаганні, кладзе сваю моцную і пяшчотную руку на нашыя слабыя плечы і дае надзею, што асабліва важна ў наш час небачаных дагэтуль маральных, грамадскіх і сусветных выклікаў.

Гэтая надзея ў тым, што Езус праз сваё Евангелле і вучэнне Касцёла змяняе сэрцы людзей з мэтай будаваць, заснаваную на сацыяльнай справядлівасці і ўзаемнай любові, будучыню.

Мы прагнем бачыць свет маральна моцным, аб’яднаным і вылечаным ад падзелаў. Гэта магчыма толькі тады, калі ў яго цэнтры будзе праўда Евангелля, якое мы пакліканы прапаведаваць «у спрыяльны і неспрыяльны час» (2 Цім 4, 2).

Таму мы не маем права паддавацца ідэалогіям, якія, выконваючы функцыі часовага і свецкага замяшчальніка рэлігіі, абяцаюць рай на зямлі, прапагандуюць амаральныя спосабы паводзінаў, заклікаюць да так званай свабоднай любові, вядуць да крызісу сям’і і Божага дару жыцця. А дэмаграфічны крызіс вымушае паўтарыць пытанне Папы Францішка: «Куды ідзем з пустымі калыскамі?»

Секулярызм і маральны рэлятывізм у імя дапасавання да ліберальна-свецкіх тэндэнцый сучаснасці адкідаюць вучэнне Евангелля і забываюцца аб нязменнасці аб’яўленай Богам праўды. Яе змена можа прывесці да таго, што замест панадчасовага і ўніверсальнага аўтарытэту Божага слова застанецца толькі мудрасць гэтага свету, якая з’яўляецца глупствам у Бога, як навучае апостал Павел (пар. 1 Кар 3, 19).

На вялікі жаль, сучасны чалавек не ўспрымае Евангелля, бо знаходзіць іншыя, больш прывабныя секулярныя «амбоны і арэапагі» сродкаў масавай інфармацыі.

У час смартфанізму, мы часцей шукаем адказу на маральныя пытанні у Інтэрнэце, чым у Божым слове і вучэнні Касцёла. У выніку чалавек жыве паводле сваёй шкалы каштоўнасцяў, якую называе «еўрапейскай і гуманістычнай», каб толькі не прымаць нязменнай праўды Евангелля. Бездухоўны гуманізм, пазначаны этычным суб’ектывізмам і практычным матэрыялізмам, становіцца новай рэлігіяй.

Замест таго, каб мець справу з Богам, вечнасцю, збаўленнем, пакаяннем і навяртаннем, мы азіраемся па баках, каб мець добрыя адносіны з сучасным секулярна-ліберальным светам, які імкнецца ўзаконіць здэфармаваную маральнасць паводле свайго бачання. Такім чынам прапануецца альтэрнатыўная, нязгодная з вучэннем Евангелля этыка з мэтай заглушыць сумленне чалавека. Прымаючы яе, мы паддаемся ўплывам амаральных тэндэнцый замест таго, каб змагацца з імі, бо лягчэй пайсці ў грахоўнае рабства, чым на крыж.

У выніку наступае карозія маральнсці, калі духоўна сляпыя вядуць сляпых. Таму не дзіўна, што мы задавальняемся сучаснасцю, хочам быць шчаслівымі і багатымі імгненна, тут і цяпер. З кожным днём усё больш людзей старецца абысціся без Бога. Яны паглынуты ідэямі матэрыялізму, спажывальніцтва і задавальненняў, і падобна старажытным рымлянам хочуць «хлеба і відовішчаў».

Усё гэта вядзе да таго, што мы становімся ахвярамі мімалётнага шчасця і матэрыяльнага дабрабыту. Як тут не ўспомніць мудрае выказванне індзейцаў, што калі чалавек зрубіць апошняе дрэва, атруціць апошнюю раку і вылавіць апошнюю рыбу, то зразумее, што грошы не наталяць голаду, бо іх есці немагчыма.

У такой сітуацыі так і хочацца паўтарыць пытанне з восьмага псальма: «што ёсць чалавек?» (Пс 8, 5). Ці ён яшчэ застаецца створаным паводле вобразу і падабенству Бога (пар. Быц 1, 27) стварэннем? А можа, толькі прыладай для амаральных жаданняў?

У сучасным крызісе веры і маральнасці ўсё часцей узнікаюць наступныя пытанні: «Ці сучаснаму чалавеку яшчэ патрэбны Езус? Ці Езус — гэта Той, каго так доўга чакала чалавецтва? Ці мы прымаем Яго як Збаўцу? Можа, Ён праходзіць побач з намі, а мы, паглынутыя штодзённасцю, гэтага не заўважаем?»

Сёння многія не бачаць прыйсця Езуса, не чуюць Яго спакойнага, ціхага і пакорнага голасу. Многія лічаць Яго прысутнасць нязручнай. Яна турбуе іх і таму яны адмаўляюцца ад Яго.

У адным з французскіх штотыднёвікаў быў апублікаваны змест ананімнага апытання на тэму: «Месца Хрыста ў маім жыцці». Адзін з удзельнікаў напісаў наступны адказ: «Хрыстус перамяніў ваду ў віно, і ўладальнікі вінаграднікаў глядзелі на яго скоса, бо над іх бізнесам навісла пагроза; Хрыстус уваскрасіў мёртвага, і спадкаемцы ледзь не памерлі ад раздражнення; Хрыстус аздаравіў паралізаванага, і той пачаў красці, бо застаўся без міласціны; Хрыстус утапіў статак свіней у моры, і гаспадар збанкрутаваў; Хрыстус напоўніў рыбацкія сеці такой колькасцю рыбы, што яны парваліся і рыбакам нічога не засталося; Хрыстус выгнаў гандляроў са святыні, і квітнеючы ў горадзе бізнес прыйшоў у заняпад; Хрыста нарэшце ўкрыжавалі, каб мець спакой. Але праз тры дні Ён уваскрос, і людзі пачалі шаптацца паміж сабой: „Зноў Ён тут“».

Гэтая анкета паказвае, што сучаснаму чалавеку, які ўсё тлумачыць з рацыянальнага пункту гледжання, Езус не патрэбны. Ён шмат каму перашкаджае. Чалавек хоча заняць месца Бога і думае, што ўсё можа. Але памыляецца, бо ніколі Богам не стане.

Сучасныя духоўныя паталогіі становяцца рэальнасцю нашага жыцця. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: «Ці не пагражае нам страта духоўнага суверэнітэту? Капітулюем перад націскам секулярызму і маральнага рэлятывізму ці абаронімся? Будзем жыць згодна са словамі Хрыста: «пазнайце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32), ці станем нявольнікамі граху?

Каб гэтага не здарылася, нашае жыццё павінна будавацца на евангельскіх каштоўнасцях. Іншага шляху нама. Мы павінны памятаць, што Евангелле не з’яўляецца археалагічнай знаходкай і музейным экспанатам, а натхнёным, жывым і актуальным Божым словам, якое з’яўляецца нашым маральным компасам.

Не вецер, а ветразі вызначаюць шлях карабля на моры. Хто з’яўляецца нашым духоўным ветразем? Дух Евангелля ці свету? Ці замест таго, каб моўчкі паціснуць плячыма і сказаць: «А што ж я магу зрабіць у сітуацыі, калі ўсе так жывуць?» — маем адвагу сцвердзіць: «Зраблю тое, што магу!»

Мы павінны разам з першымі хрысціянамі вызнаваць, што «Езус ёсць Панам». Гэтае вызнанне адначасова з’яўляецца суцяшэннем і выклікам.

Суцяшэннем, бо ведаем, што знаходзімся пад Божай абаронай і Бог не дазволіць сілам цемры перамагчы, нягледзячы на наш грэх і схільнасці да зла. Выклікам, таму што гэта заклік да любові да Бога і бліжняга. Гэтая любоў мацнейшая за любоў да камфортнага жыцця, якое вядзе да кампрамісаў і заняпаду веры.

Недастаткова абмежаваць святкаванне Божага Нараджэння толькі да семтыментальных пачуццяў, якія выплываюць з нараджэння Боскага Немаўлятка ў Бэтлеемскіх яслях. Мігцяць зоркі, спяваюць анёльскія хоры, пастушкі спяшаюцца да Бэтлеема… Гэтае свята павінна закрануць нашыя сэрцы з мэтай змяніць іх праз нараджэнне ў іх Езуса Ягонай ласкай. Наш славуты зямляк паэт Адам Міцкевіч пісаў: «Верыш, што Бог нарадзіўся ў Бэтлемскіх яслях, але гора табе, калі Ён не народзіцца ў тваім сэрцы».

Таму свята Божага Нараджэння не можа прайсці проста так: прыйшло і прайшло. Яно павінна пакінуць свой след у нашых сэрцах. Павінна іх перамяніць з духоўна хворых у здаровыя, з зацвярдзелых — у ціхія і пакорныя, з нячулых на чужую бяду — у ахвотныя дапамагчы. Таму Божае Нараджэнне павінна нарадзіць новы кірунак нашага жыцця, у цэнтры якога будзе Хрыстус і Яго Евангелле. А мы павінны стаць сведкамі і вестунамі той радаснай навіны, што «Слова сталася целам і пасялілася паміж намі» (Ян 1, 14), бо свет патрабуе Хрыста і Яго вучэння.

Дарагія браты і сёстры!

Хрыстус нарадзіўся! Бог аб’явіўся!

Радасных, поўных Хрыстовага супакою і Ягонай ласкі святаў і шчаслівага, мірнага Новага года. Няхай ён будзе напоўнены збаўчай праўдай ўцелаўлення нашага Бога.

Даручаючы ўсіх вас апецы Багародзіцы Марыі, гэтыя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца і Сына, і Духа Святога, і звычаем нашых продкаў дзялюся з вамі аплаткай.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 17 снежня 2023 г.
Трэцяя нядзеля Адвэнту

 

Абноўлена 22.12.2023 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.