Пошук

20.12.2023 09:50   Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: з архіву Апостальскага руху «Маргарытка» / Catholic.by

У суботу 16 снежня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой горцы ў Мінску ўдзельнікі апостальскага руху «Маргарытка» з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабраліся на штомесячную сустрэчу, якая ў перыяд Адвэнту спалучаецца з даўняй традыцыяй дзялення аплаткай і пажаданнямі на Божае Нараджэнне.

Сустрэча распачалася канферэнцыяй, якую прамовіў ксёндз Павел Эйсмант, мадэратар гэтага апостальскага руху, мэта якога — няспынная малітва за святароў.

У канферэнцыі прагучалі сведчанні святароў аб перажыванні імі перыяду Адвэнту, узятыя з адкрытых крыніц, а потым дзве ўдзельніцы руху падзяліліся сваімі сведчаннямі падрыхтоўкі да Божага Нараджэння ў іх сем’ях.

Падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту ўдзельнікі супольна маліліся Ружанец за святароў і кансэкраваных асоб.

Цэлебрацыю святой Імшы для сабраных у Залатагорскай святыні ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У прамоўленай гаміліі іерарх заахвоціў прысутных, каб яны, рыхтуючыся на працягу Адвэнту, клапаціліся пра сваё духоўнае жыццё, бо яно нашмат больш багатае, чым мы сабе ўяўляем. Ён параўнаў яго з акіянам, які, паводле навуковых дадзеных, нашмат больш багаты на разнастайныя віды жывых істот, чым сухапутны свет.

«І нават калі няма ў ім прыгожых птушак, якія спяваюць, то ў ім ёсць шмат незвычайных відаў рыб, многія з якіх не саступаюць у прыгажосці птушкам», — заўважыў іерарх.

Пасля стала Божага слова і Эўхарыстыі ўдзельнікі сустрэчы сабраліся вакол стала, застаўленага «зямнымі» стравамі, галоўнай з якіх быў просты белы хлеб, які мы называем аплаткай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа