Пошук

19.12.2023 14:38   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

16 снежня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў Дом пілігрыма святой Марты.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенская дыяцэзіі, абрад благаслаўлення стаў завяршэннем апошняга этапу рэканструкцыі пустуючага адміністрацыйнага будынка.

Дом пілігрыма атрымалася адбудаваць за паўтара гады дзякуючы намаганням і ініцыятыве ксяндза каноніка Юрыя Бяганскага — пробашча тракельскай парафіі і кусташа санктуарыя, — а таксама фінансавай, фізічнай і малітоўнай падтрымцы шматлікіх людзей добрай волі.

Сустракаючы пастыра дыяцэзіі, парафіяне звярнуліся да яго з просьбай благаславіць Дом пілігрыма. Кусташ санктуарыя выказаў падзяку біскупу, іншым святарам і вернікам, якія прыбылі на гэтую ўрачыстую падзею.

Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, а духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне ксёндз Ян Сарэла прамовіў гамілію.

Пасля заканчэння Эўхарыстыі прысутныя скіраваліся ў Дом пілігрыма, які знаходзіцца каля касцёла. На заканчэнне мерапрыемства біскуп Аляксандр Кашкевіч з нагоды набліжэння святаў Божага Нараджэння падзяліўся з прысутнымі аплаткай.

Плануецца, што Дом пілігрыма будзе гасцінна прымаць усіх, хто вырашыць наведаць Тракелі, каб ушанаваць Маці Божую ў Яе цудадзейным абразе. У будынку прадугледжаны ўсе выгоды, таму ў ім можна спыніцца ўсёй сям’ёй, нават з дзецьмi.

Тракельскі Дом пілігрыма вырашылі назваць у гонар святой Марты, якая клапацілася пра дабрабыт. Яна была сястрой Лазара і Марыі — сям’і з Бэтаніі, якую Езус любіў і часта наведваў.

У Евангеллі паводле Лукі гаворыцца, што аднойчы, калі Марта займалася рознымі хатнімі справамі, служачы Хрысту, Марыя проста слухала Госця. Марта, хоць і далікатна, паскардзілася на гэта, а Езус адказаў ёй: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно».

Дамы для пілігрымаў заўсёды ствараюцца каля месцаў пілігрымак, каля санктуарыяў, каб людзі маглі пераначаваць і больш часу прысвяціць Богу і свайму духоўнаму развіццю.

Абноўлена 19.12.2023 14:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця