Пошук


16 снежня ў Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) адбылася перадкалядная аплаткавая сустрэча.

Ужо стала прыгожай традыцыяй у гэтай тэалагічнай навучальнай установе пасля апошніх заняткаў перад Калядамі, што студэнты, выкладчыкі, разам з усімі супрацоўнікамі, выпускнікамі і сябрамі каледжа ў атмасферы сямейнай лучнасці збіраюцца разам, каб падзяліцца аплаткай і ўзаемнымі святочнымі віншаваннямі.

Цэлебрацыю святой Імшы з нагоды аплаткавай сустрэчы ў капліцы Катэхетычнага каледжа ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Звяртаючыся да навучэнцаў і выкладчыкаў установы, іерарх заклікаў іх паглядзець на адвэнтавы час непасрэднай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння вачыма сям’і, якая з вялікім хвалялваннем рыхтуецца сустрэць нараджэнне дзіцяці.

«Наколькі ж больш мы павінны рыхтавацца да нараджэння у нашым жыцці Божага Дзіцяці!» — заклікаў біскуп усіх сабраных да разважання і духоўнага высілку ў падрыхтоўцы да святаў.

Пасля святой Імшы ўся супольнасць Катэхетычнага каледжа сабралася ў канферэнцыйнай зале, дзе іх чакаў перадкалядны сюрпрыз: спецыяльныя госці з незвычайным святочным падарункам. Гэта быў народны лялечны тэатр «Мірская батлейка», калектыў якога складаюць у асноўным навучэнцы мастацтваў з Мірскага дзяржаўнага каледжа на чале з кіраўніком тэатра Канстанцінам Петрыманам. Напачатку спадар Канстанцін пазнаёміў сабраных з гісторыяй такой старадаўняй з’явы ў гісторыі беларускай культуры, як калядная лялечная батлейка, з якой на працягу стагоддзяў у калядны перыяд хадзілі батлейнікі па вёсках і мястэчках нашай краіны, спрыяючы справе евангелізацыі, папулярызацыі і ўмацаванню хрысціянскай веры.

Пасля кароткага ўступу група лялечнага тэатра паказала навучэнцам каледжа батлеечнае прадстаўленне: арыгінальную рэканструяваную гістарычную батлейку з арыгінальнымі вершаванымі тэкстамі на мясцовых гаворках з ваколіц знакамітага мястэчка Мір, напісаную больш за 150 гадоў таму жыхарамі гэтай мясцовасці.

Батлейка прызнана нацыянальнай нематэрыяльнай каштоўнасцю Беларусі. Сабраныя гледачы захапляліся не толькі самой сцэнкай лялечнай батлейкі, але і таленавітай моладдзю гэтага аматарскага народнага тэатра, якая перанесла гледачоў у непаўторны свет старадаўніх батлеек, ажыўляючы постаці анёла і чорта, караля Ірада і яркіх персанажаў жыхароў страдаўняга беларускага мястэчка.

Пасля выступу тэатра «Мірская батлейка» адбылося тэатралізаванае выступленне студэнтаў першага курса Катэхетычнага каледжа, якое наблізіла сабраным духоўнае значэнне таямніцы Божага Нараджэння.

Сустрэча завяршылася традыцыйнай перадкаляднай вячэрай з сумесным дзяленнем аплаткамі, святочнымі пажаданнямі, конкурсамі і спевамі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа